453

Блогеру Пятрухіну прад'явілі абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса

07.07.2020 Крыніца: Spring96.org

Праваабаронцам стала вядома, што брэсцкаму блогеру Сяргею Пятрухіну прад’яўлена абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — 342, 369 і 391.

  • ч. 1 арт. 342 КК РБ - Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Караецца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

  • арт. 369 КК РБ - Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў.

  • арт. 391 КК РБ - Абраза суддзі або народнага засядацеля ў сувязі з ажыцьцяўленнем імі правасуддзя. Караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў.

Паводле папярэдняй інфармацыі, артыкулы аб «абразе суддзі» і «абразе прадстаўніка ўлады» тычацца падзей двухгадовай даўніны.

Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня і адправілі адбываць прысуджаны раней 15-суткавы арышт. Пазней высветлілася, што ён стаў фігурантам крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ, якая была заведзена пасля інцыдэнту ў Гродне 29 траўня. 25 чэрвеня Пятрухін быў дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання Мінска, а адтуль пераведзены ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага, дзе знаходзіцца дагэтуль.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Сяргея Пятрухіна, як і іншых затрыманых блогераў, палітычным зняволеным.

Сяргей Пятрухін у красавіку 2019 года ўжо быў асуджаны па крымінальнай справе. Яго прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 188 («Паклёп») і ч. 2 арт. 189 («Абраза») і прысудзілі вялікі штраф. Праваабаронцы прызнали тую справу палітычна матываванай.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!