2094

Блогерку Стогаву аштрафавалі за абразу міліцыянера на 3 млн 600 тысяч

19.01.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Дыфамацыя

Гучную справу ў панядзелак разглядаў Кастрычніцкі суд Мінска.

У панядзелак, 19 студзеня, суд Кастрычніцкага раёна Мінска аштрафаваў вядомую блогерку і піяршчыцу Алену Стогаву (Мельнікаву) на 3 мільёны 600 тысяч рублёў. Яе прызналі вінаватай у абразе прапаршчыка міліцыі — ён падаў у суд за яе пост у ЖЖ, у якім згадваліся словы “менты” і “ментаўская краіна”, "ненавіджу вас усёй душой". Галоўная прэтэнзія міліцыянера — там быў змешчаны яго здымак, таму ён палічыў, што ўсё было выказана на яго адрас. Блогерка прызнала, што гэта яе допіс, але не прызнала віны. Паводле яе слоў, яна выказвала стаўленне да сітуацыі, а не да канкрэтнага міліцыянера.

Праваахоўнік сказаў, што пасля допісу Стогавай вельмі пакрыўдзілася яго маці, да таго ж на працы праводзілі службовую праверку. Як высвятляецца, за 20 гадоў ён не меў спагнанняў.

Суд працягваўся паўтары гадзіны.

Нагадаем, скандал разгарэўся на пачатку снежня мінулага года, калі супрацоўнікі метрапалітэна не пусцілі Алену Стогаву на платформу станцыі “Парк Чалюскінцаў”. На іх думку, блогерка і піяршчыца была ў нецвярозым стане і магла прычыніць сабе шкоду. Сама дзяўчына фактам недапушчэння да паслуг грамадскага транспарту моцна абурылася і напісала пра гэта скандальны пост, дзе і выкарыстала згаданае раней словазлучэнне.

Гісторыя атрымала шырокі розгалас ў сацсетках і СМІ, пасля чаго метрапалітэн вырашыў апублікаваць відэазапіс з камер назірання. На ім бачны момант інцыдэнту. Меркаванні каментатараў наконт паводзінаў супрацоўнікаў метрапалітэна і прапаршчыка міліцыі а таксама стану Алены Стогавай раздзяліліся.

Дасье ГА «БАЖ»:

У апошнія некалькі гадоў у Беларусі даволі часта прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за дыфамацыю ў інтэрнэце і, у прыватнасці, у сацыяльных сетках. Заводзіліся і крымінальныя справы.

Як паказвае практыка, каралі ў асноўным тых, хто «зачапіў» прадстаўнікоў улады.

У ліпені 2013 года буйным штрафам пакаралі драматурга Андрэя Карэліна – за негатыўныя выказванні на форуме партала TUT.BY на адрас беларускай міліцыі.

У верасні таго ж года з’явілася інфармацыя пра штраф маладому чалавеку, які дапусціў на адным з сайтаў “нелицеприятные выражения" на адрас кіраўніка групы па прыёме іспытаў у ДАІ УУС аблвыканкама.

У лістападзе 2013-га за абразу суддзі ў інтэрнэце супрацоўнік аднаго з інфармацыйных агенцтваў заплаціў штраф 20 мільёнаў рублёў.

Сярод адносна нядаўніх крымінальных справаў за допісы ў сацыяльных сетках – справа Андрэя Пачобута, якога яшчэ ў 2011 годзе асудзілі за “паклёп на прэзідэнта” (арт. 367 КК), у тым ліку ў яго блогу poczobut.livejournal.com

У лютым 2014 г. пакуратура г. Бабруйска завяла крымінальную справу супраць Алега Жалнова па арт. 369 КК РБ – «публічная знявага прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». Гаворка ішла пра допісы пра міліцыю ў блогу Жалнова.

А вось спробы грамадскіх актывістаў і журналістаў адстаяць свае гонар і годнасць звычайна плёну не прыносілі.

Напрыклад, у сакавіку 2013 года зыск незалежнай брэсцкай журналісткі Міланы Харытонавай, якая судзілася з калегам з дзяржаўнага выдання за абразлівы каментар на адным з брэсцкіх сайтаў, адхілілі.

На Магілеўшчыне цягам усяго 2014 года журналісты і актывісты (Алесь Буракоў, Ігар Барысаў і Валерый Каранкевіч) марна спрабавалі з дапамогай міліцыі і пракуратуры высветліць паходжанне паклёпніцкіх і зневажальных матэрыялаў на сайце voskresinfo.com. Спаслаўшыся на рэгістрацыю сайта за мяжой, міліцыянты “умылі рукі”, хаця, мяркуючы па допісах, аўтар рэсурса жыве побач.