805

Блогерку Алену Янушкоўскую пакаралі арыштам за стрым з сяброўскай вечарыны

29.01.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Cуд Віцебскага раёна 29 студзеня разгледзеў адміністрацыйную справу блогеркі Алены Янушкоўскай, суддзя Міхаіл Зубеня прызнаў яе вінаватай у несанкцыянаваным пікетаванні.

Алена Янушкоўская

Падставай для абвінавачання стаў відэаролік — стрым з каляднай сяброўскай вечарыны, якая адбылася 8 студзеня ў прыватнай кавярні ў вёсцы Лучынаўка. Паводле міліцэйскага пратаколу,  відэаролік знайшоў у інтэрнэце старшыня мясцовага сельскага выканкама Юрый Восіпаў. Убачыўшы людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі на тэрыторыі Варонаўскага сельсавета, ён паскардзіўся ў міліцыю.

Удзельнікаў шукалі некалькі тыдняў. Алена Янушкоўская вяла стрым, не хаваючы свайго твару, і міліцыянты затрымалі яе  яшчэ 27 студзеня. З таго часу яна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Падчас суда блогерка не адмаўляла сваёй прысутнасці на вечарыне, але падкрэсліла, што вінаватай сябе не лічыць. Суддзя Міхаіл Зубеня заявіў, што “перавыхаванню яна не паддаецца”, і з улікам таго, што раней яе ўжо судзілі паводле артыкула 23.34 КаАП, прызначыў 55-гадовай жанчыне пакаранне — 7 сутак арышту. З улікам часу, праведзенага пад вартай да суда, яна мае выйсці на волю  ўвечары 2 лютага.

Алена Янушкоўская пакутуе на астму, мае 3-ю групу інваліднасці, аднак у ІЧУ адмовіліся прыняць для яе перадачу з лекамі.

«Я прымушаю ўлады працаваць». Як жыве блогерка з-пад Віцебска, якую 6 разоў аштрафавалі за сьнежаньскія пратэсты

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!