224

Блогера Шэрага Ката судзілі ў трэці раз. Да арышту дадаліся чарговыя 15 сутак

15.01.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Відэаблогера Дзмітрыя Казлова, вядомага пад нікам “Шэры Кот”, 14 студзеня  наведала адвакатка. Яна даведалася, што напярэдадні яго зноў судзілі, і цяпер ён правядзе за кратамі 45 сутак без перапынку.

Відэаблогер знаходзіцца ў аршанскім ізалятары часовага ўтрымання з 26 снежня. Ён быў пакараны на 15 сутак зняволення за ўдзел і прамую трансляцыю з мінскай акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі 20 снежня 2019 года. Тэрмін гэтага арышту мусіў скончыцца 9 студзеня, але хлопец на волю так і не выйшаў. Сябры, якія прыйшлі яго сустракаць, з вялікімі цяжкасцямі высветлілі, што ў меркаваны дзень вызвалення яго судзілі зноўку. Паводле рашэння суда, Казлоў павінен адбыць за кратамі яшчэ 15 сутак — цяпер за ўдзел у вулічнай акцыі ў Мінску 21 снежня.

Гэты тэрмін сканчаецца 24 студзеня, але адвакатка даведалася, што і ён — не апошні. Як аказалася, 13 студзеня адбыўся яшчэ адзін судовы працэс, які скончыўся пастановай пра яшчэ адзін арышт на 15 сутак. Такім чынам, у зняволенні Дзмітрый Казлоў правядзе 45 сутак.

Між тым, на 27 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы відэабогера, які распачаўся 10 студзеня і быў перанесены на той час, калі Дзмітрый Казлоў зможа прыехаць на працэс.

Паводле беларускага заканадаўства, арышт па адміністрацыйнай справе не можа перавышаць 25 сутак. Чаму гэтае правіла не тычыцца  Шэрага Ката, тлумачыць праваабаронца Павел Левінаў:

— Суд не можа прызначыць больш за 25 сутак за адзін раз. З фармальнага боку лічыцца, што Дзмітрый Казлоў адбыў першы арышт з 26 снежня па 9 студзеня, потым быў вызвалены, але тут жа дастаўлены ў суд, дзе яму далі наступныя 15 сутак — з 9 па 24 студзеня. Фармальна перапынак паміж першым і другім арыштам нібыта і быў, але фактычна яго не было. Тое самае будзе і далей: 13 студзеня яму прызначылі яшчэ 15 сутак, якія ён будзе адбываць пасля 24 студзеня, нібыта выйшаўшы з-пад папярэдняга арышту.

Сітуацыя з Дзмітрыем Казловым ускладняецца яшчэ й тым, што ў яго няма блізкіх сваякоў. Таму дакладна невядома, пры якіх акалічнасцях яго затрымалі ў снежні, і як праходзілі два апошнія суды. Невядома таксама, за якія правапарушэнні яго прызналі вінаватым. Паводле ранейшых допісаў Казлова ў Facebook, яго вінавацяць і за ўдзел у пратэстных акцыях, і за заклікі ў сацыяльных сетках прыходзіць на іх. Чаму гэта не адно й тое самае, таксама тлумачыць Павел Левінаў:

— Гэта разглядаецца як асобныя правапарушэнні, бо заклікі — гэта дзеянні напярэдадні акцый. Такім чынам, калі Дзмітрый Казлоў удзельнічаў у чатырох акцыях у Мінску і заклікаў на ўсе чатыры, то за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах яго могуць судзіць восем разоў.

На сёння вядома пра тры суды над Дзмітрыем Казловым.

Падтрымаць яго за кратамі можна паштоўкамі і лістамі, дасылайце іх на адрас:

211391, Беларусь, Віцебская вобласць, г. Орша, вул. Энгельса, дом 25, ізалятар часовага ўтрымання, Казлову Дзмітрыю Алегавічу.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!