1051

Блогера Максіма Філіповіча з Гомеля будуць судзіць “за падмену дзяржаўных СМІ”

19.07.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Разгляд міліцэйскага пратаколу паводле часткі 2, артыкулу 22.9 КаАП у Савецкім судзе Гомеля прызначаны на 21 ліпеня.

“Сёння даслалі з суда на мабільнік смс-паведамленне пра разгляд справы. Гэта ўжо другая спроба прыцягнуць мяне да адказнасці за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Мне проста хочуць заткнуць рот, каб я не здымаў і не камэнтаваў на сваёй старонцы ў YouTube ніякія значныя падзеі”, — распавёў Максім Філіповіч.

Папярэдні адміністрацыйны  пратакол,  які склаў ў дачыненні да Філіповіча ўчастковы інспектар Савецкага РАУС Дзмітрый Акуліч, суд адправіў на дапрацоўку.

У новым пратаколе ўчастковы ўказаў, што “Філіповіч адкрыў ад свайго імя канал відэапаведамленняў «Гарантий НЕТ» на платным відэахостынгу YouTube, атрымліваючы ад дадзенага сервісу плату прапарцыйна колькасці праглядаў”. Канал на відэахостынгавай кампаніі ён не зарэгістраваў —  міліцыя згледзела ў гэтым парушэнне часткі 1, артыкулу 10 закона аб СМІ.

Відэаблогер Філіповіч  “засвяціўся” сёлетняй вясною ў Гомелі, Брэсце, Маладзечне, Пінску, калі асвятляў акцыі пратэсту супраць “дармаедскага” дэкрэту № 3 — судзілі яго чатыры разы за стрымы з вулічных акцыяў у згаданых гарадах.

Агулам блогер Максім Філіповіч правёў за кратамі 30 сутак адміністрацыйнага арышту.

25 траўня падпалкоўнік міліцыі Драздоў падаў рапарт на імя намесніка начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Віталя Котчанкі, які адначасна кіруе і ўпраўленнем ідэалагічнай працы і кадравага забеспячэння, пра «фактычную падмену гомельскім блогерам Максімам Філіповічам дзяржаўных СМІ, у тым ліку і па фармаванні грамадскай думкі сярод грамадзян Рэспублікі Беларусь». Котчанка дазволіў даць ход рапарту — яго пераслалі ў Савецкі РАУС дзеля складання адміністрацыйнага пратаколу.

У рапарце згадвалася таксама, што падчас маніторынгу інтэрнэту былі выяўленыя  паўтара дзесятка публікацый Філіповіча, размешчаных з 2 па 22 траўня на відэахостынгу YouTube, канал «Гарантий НЕТ». У канала — 24 320 падпісчыкаў, відэаролікаў — 252. Агульная колькасьць праглядаў відэакантэнту — 5 300 380.

Адсюль і выснова: «З улікам росту папулярнасці свайго канала Максім Філіповіч фактычна падмяняе сабою дзяржаўныя СМІ”.