408

Блогер Пятрухін рыхтуецца да суда

01.04.2019 Крыніца: spring96.org Сюжэт: Дыфамацыя

На 9 красавіка прызначаны разгляд крымінальнай справы вядомага блогера з Брэста Сяргея Пятрухіна.

Блогера вінавацяць па ч. 2 арт.188 і ч.2 арт. 189 Крымінальнага кодэксу — паклёп і абраза, нанесеныя ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі. Справа слухаецца судом Ленінскага раёна Брэста, пры гэтым у 9.45 будзе разглядацца эпізод па абвінавачванні Пятрухіна ў паклёпе, а ў 14.00 — за абразу.

“Я лічу гэтую справу палітычна матываванай. Яе распачаў пракурор. Таму што я, нібыта, абразіў і ашальмаваў прадстаўніка ўлады, участковага Ленінскага РАУС Сяргея Ігнацюка. Для "пазоўнікаў" - міліцыянтаў і для гледачоў я падрыхтаваў сюрпрыз. І не адзін. Напрыклад, я знайшоў людзей, якія расказалі, што іх збіваў участковы Сяргей Ігнацюк. Адзін з іх распавёў пра гэта на камеру. Так што будзе весела», — напісаў Пятрухін на сваёй старонцы ў Facebook. — У Беларусі расправа са свабодай слова і бязмежжа сілавікоў набіраюць абароты. Нехта хоча, каб у Беларусі ўвялі закон аб абразе ўлады, як у Расіі. Гэтага дапусціць нельга".

Блогер Сяргей Пятрухін апошнім часам здымае шмат відэа на тэму пратэстаў супраць акумулятарнага заводу ў Брэсце. 12 траўня ў яго дома быў праведзены ператрус, падчас якога забралі кампутар, планшэт, фотаапарат і тэлефон. Гэтыя рэчы яму не вярнулі дагэтуль. Апроч таго, Пятрухін неаднаразова затрымліваўся міліцыяй, атрымліваў штрафы і адбываў адміністрацыйны арышт.