206

Блогер Кабанаў будзе вылучацца ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў

02.09.2019

Аляксандр Кабанаў — блогер, лідар пратэстнага руху супраць адкрыцця ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» акумулятарнага завода, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі — будзе вылучацца ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Кабанаў мае намер балатавацца ў выбарчай акрузе № 1 Брэста. У яго каманду ўвойдуць актывісты антыакумулятарнай ініцыятывы Дзям’ян Лепясевіч і Дзмітры Бекалюк, паведамляе NN.by.

Аляксандр Кабанаў

Збор подпісаў будзе праходзіць у форме пікетаў амаль штодня ў некалькіх пунктах гораду, расказаў радыё «Свабода» Кабанаў. Ён запрасіў праціўнікаў завода ўваходзіць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі і станавіцца назіральнікамі на выбарах.

Праблема ў тым, што назіральнікі на беларускіх выбарах ніяк не могуць прасачыць сумленнасць падліку галасоў, а выбарчыя камісіі фарміруюцца лукашэнкаўскай вертыкаллю.

«Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода, якая пачалася яшчэ ў студзені 2018 году, паказала, што ёсць шмат праблем, у тым ліку экалагічных, якія трэба вырашаць на заканадаўчым узроўні, каб законы былі выразныя, зразумелыя і каб іх немагчыма было трактаваць адвольна, хто як захоча», — заявіў Кабанаў.

Кабанава не раз штрафавалі і затрымлівалі за ўдзел у пратэстах. На яго нават спрабавалі павесіць крымінальную справу, як і на яшчэ аднаго блогера-пратэстоўца — Сяргея Пятрухіна.

Супраць завода ўзняліся жыхары суседніх вёсак і мікрараёнаў — Тэльмы, Стымава і Шэбрын, а таксама жыхары іншых раёнаў Брэста.