267

Блогер Філіповіч знайшоўся… у Гомелі

10.09.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У жніўні некаторыя інтэрнэт-рэсурсы паведамілі, што вядомы гомельскі блогер Максім Філіповіч з’ехаў за мяжу. Перад гэтым блогер змясціў кароткае відэа, зробленае ў самалёце, у якім заявіў: “Хаіць мяне, мяркую, будзе няправільна. Я лічу, што маю права, я хоць нешта рабіў. Да сустрэчы”.

Нівеліравалі сенсацыю даволі хутка праваабаронцы “Вясны”. Яны паведамілі, што Максім Філіповіч паехаў на трохдзённы семінар па бяспецы ў Грузію і ўранку 21 жніўня там прысутнічаў. Пра намеры Філіповіча не вяртацца ў Беларусь праваабаронцам нічога не было вядома. З самім Максімам і яго жонкай сувязі не было.

Маці блогера перабывала ў разгубленасці. “Не ведаю, што і думаць, — сказала яна па тэлефоне карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” у дзень “знікнення” сына. — Сама прачытала ў інтэрнеце”.

Дзесьці праз тыдзень, напрыканцы жніўня, Максім Філіповіч напісаў у Facebook: “Я пачынаю любіць самалёты! Усім добры вечар”. Яго прыхільнікі ў каментарах пісалі, што напалохаліся, бо думалі, што блогер назаўсёды пакінуў краіну. “Добра, што гэта не так. Я рада, што вы з намі”, — задаволена канстатавала адна з глядачак відэаролікаў Максіма.

Блогер і сам прызнаваўся, што “выпаў на пару тыдняў з беларускай інфармацыйнай прасторы”. Вярнуўшыся ў Гомель пасля непрацяглага адпачынку, Філіповіч запісаў ужо некалькі відэаролікаў, а таксама дадаў яшчэ адзін канал на YouTube, які называецца “Гарантий нет. China”. Нейкіх каментароў наконт ад’езду блогер пазбягае.

Максім Філіповіч займеў папулярнасьць у сацыяльнай сетцы ў 2017 годзе на хвалі “дармаедскіх” пратэстаў у Беларусі. Ён вёў стрымы з масавых акцый супраць “дармаедскага” дэкрэта № 3 у Гомелі, Пінску і Маладзечне. На падставе міліцэйскіх пратаколаў і пастаноў судоў яго вінавацілі ў “незаконным вырабе прадукцыі СМІ”. Калі сыходзіў адзін тэрмін пакарання арыштам, яго прывозілі ў суд і дадавалі новы. Блогер запар адседзеў  у ізалятары 30 сутак.

Напрыканцы 2018 года на падставе рашэнняў судоў Філіповіч чарговы раз правёў за кратамі амаль месяц: 14 сутак — за дробнае хуліганства — так быў кваліфікаваны міліцыяй канфлікт у краме з удзелам блогера,  15 — за “абразлівае прыставанне да грамадзян”, па сутнасці, зноў-такі за дробнае хуліганства. Падчас відэаздымак пажару на гомельскім прадпрыемстве “Лінія зносу” паміж блогерам і намеснікам начальніка абласнога ўпраўленьня МНС здарыўся канфлікт. Філіповіч патрабаваў, каб пажарны назваў сябе. Калі той адмовіўся, блогер заявіў: “Ідзі гуляй, сынок”. Некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі праз петыцыю патрабавалі прыцягнуць Філіповіча да адказнасці за хамства ў дачыненні да ратавальніка. На знак пратэсту блогер трымаў у ізалятары галадоўку.

У свой час Максім Філіповіч працаваў кіроўцам на адным з прадпрыемстваў  Гомеля, але патрапіў пад скарачэнне. Сталай працы не мела і яго жонка. Блогер не раз заяўляў у сваіх відэароліках, што яна не могуць знайсці працу праз помсту ўладаў за актыўную грамадзянскую пазіцыю.