545

Блогер Дзяніс Рудзевіч не выйшаў з ІЧУ пасля адміністрацыйнага арышту

29.07.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Блогер Дзяніс Рудзевіч, у якога 28 ліпеня сканчаўся тэрмін адміністрацыйнага арышту, так і не быў вызвалены з гродзенскага ІЧУ. На яго складзены чарговы адміністратыўны пратакол за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Блогер Дзяніс Рудзевіч / фота: hrodna.life

13 ліпеня Дзяніса Рудзевіча, які вядзе YouTube-канал “Ліда для жыцця”, затрымалі ў Гродне праваахоўнікі ў цывільным. Да суда яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Судовы працэс адбываўся таемна, на слуханне не змаглі патрапіць ні паплечнікі блогера, ні журналісты. Рудзевіч быў пакараны адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.

28 ліпеня пачынаючы з 13.00 (прыблізны час затрымання блогера 13 ліпеня) грамадскія актывісты і журналісты чакалі Рудзевіча ля ізалятара часовага ўтрымання ў Гродне, але яго так і не вызвалілі. Прысутным паведамалі, што Рудзевіч не перабывае ў ІЧУ.

Стала вядома, што на яго складзены чарговы пратакол пра адміністратыўнае парушэнне паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення мерапрыемства). Судовы працэс мусіць адбыцца 29 ліпеня ў Лідзе.

Нагадаем, 19 чэрвеня Дзяніс Рудзевіч быў схоплены невядомымі ў цывільным падчас вядзення стрыму з акцыі “Ланцуг салідарнасці“ ў Гродне. Праваахоўнікі ў цывільным не назваліся,  запіхнулі яго ў аўтобус і даставілі ў РАУС Ленінскага раёна. Там Дзянісу паведамілі, што ён затрыманы, на яго быў складзены пратакол паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд СМІ). У блогера адабралі ўсё абсталяванне, а падчас затрымання быў разбіты яго тэлефон.

9 ліпеня высветлілася, што адміністрацыйная справа па гэтым пратаколе прыпыненая. А на Рудзевіча склалі новы пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП).

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!