733

Блогер Андрэй Павук з Акцябрскага падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН

08.01.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гэта ўжо шосты зварот ад журналісцкай грамады.

Блогер і стваральнік папулярнай суполкі ў сацыяльных сетках "Рудабельская паказуха", сябра ГА “БАЖ” Андрэй Павук з райцэнтра Акцябрскі звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН з індывідуальнай скаргай. Ён аспрэчвае ва ўплывовай міжнароднай структуры забарону беларускіх уладаў на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, паколькі ў судах унутры краіны не змог абараніць свае правы. Пра гэта паведамляе сайт “Гомельская вясна”.

У жніўні мінулага года старшыня суда Акцябрскага раёна Люміла Гармаш аштрафавала Андрэя Павука на 735 рублёў (30 базавых велічынь) за выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага  спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” – паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.

Падставай стаў ліпеньскі сюжэт на “Белсаце” пра самога Павука як галоўнага героя: “Блогеру пагражаюць судом за майку з надпісам «Яны любяць цябе». Такі надпіс быў зроблены на майцы пад партрэтамі мясцовых чыноўнікаў.

Паказальна, што Андрэй Павук не мантажаваў відэаздымкі, не адсылаў на “Белсат”. Ён толькі запісаў на відэа і змясціў на сваёй старонцы ў YouTube адказы жыхароў Рудабелкі (гістарачыная назва г. п. Акцябрскі) наконт таго, ці можна лічыць абразай майку з фотаздымкам чыноўнікаў і надпісам “Яны любяць цябе”. Частку гэтых адказаў скарыстаў тэлеканал. Тлумачэнні блогера суд не ўзяў пад увагу і пакараў штрафам.

У накіравай у Жэневу скарзе Андрэй Павук распавёў таксама пра адмову Акцябрскага райвыканкама і райсавета дапусціць яго на адкрытыя пасяджэнні.

Зварот у Камітэт па правах чалавека ААН Андрэю Павуку дапамог падрыхтаваць юрыст, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка. Ён адзначыў, што гэта не першая скарга блогера ў Камітэце па правах чалавека. Урад Беларусі ўжо пракаментаваў яго скаргу пра штраф за адзіночны пікет з транспарантам "Вазьміце Павука на працу".

Апроч  таго, беларускаму ўраду прапанавана пракаментаваць зарэгістраваныя ў КПЧ ААН скаргі гомельскіх журналістаў-фрылансераў Ларысы Шчыраковай, Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына наконт буйных штрафаў за супрацоўніцтва з "Белсатам", а таксама журналістаў Тамары Шчапёткінай з Бярозы і Аляксандра Буракова з Магілёва за супрацу адпаведна з "Радыё Рацыя" і Deutsche Welle.

У індывідуальных скаргах у Камітэт па правах чалавека ААН, акрамя ўстанаўлення фактаў парушэння асабістых правоў, блогер і журналісты-фрылансеры прапануюць рэкамендаваць ураду Беларусі прывесці нацыянальны Закон аб СМІ ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі краіны.