802

Блогер Андрэй Павук “паламаў” ведамасныя інструкцыі Дэпартамента аховы МУС

25.03.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Вядомы блогер, сябра ГА “БАЖ” Андрэй Павук з райцэнтра Акцябрскі дамогся перагляду ведамаснай інструкцыі Дэпартамента аховы МУС Беларусі.

А было як. Калі б ні зайшоў Андрэй у мясцовы раённы суд з фотаапаратам ці відэакамерай, праз якую вёў стрым, міліцыянты заўсёды патрабавалі спыніць здымкі. І спасылаліся на ведамасную інструкцыю, якая забараняе весці фота- і відэафіксацыю нават у холе суда. Пра судовыя пасяджэнні зараз гаворка не ідзе — там іншы парадак.

На прэтэнзіі міліцыянтаў у блогера быў адзін адказ: “Гэта ваша інструкцыя. Я дзейнічаю паводле Канстытуцыі, яна не забараняе здымкі ў судзе”.

Міліцыянты стаялі на сваім — інструкцыя.

Андрэй Павук звярнуўся да начальніка раённага аддзялення Дэпартамента аховы Сяргея Дацко. Але аказалася, што ён не ўпаўнаважаны вырашаць такія пытанні. Зварот разглядаў начальнік Светлагорскага аддзела Дэпартамента аховы МУС, падпалкоўнік міліцыі Віталь Дзевяцілаў.

У адказе на імя Павука падпалкоўнік Дзевяцілаў паведаміў наступнае:

“Паведамляем Вам, што на сёння кіраўніцтвам суда Акцябрскага раёна ўнесены адпаведныя змены ў патрабаванні, датычныя парадку вядзення фота- і відэаздымкаў у адміністрацыйным будынку суда Акцябрскага раёна. Фота- і відэаздымка ў будынку суда не забароненая”.

Паводле афіцыйнага ліста за подпісам падпалкоўніка міліцыі Дзевяцілава, гэтая інфармацыя даведзеная да ўсіх супрацоўнікаў аддзялення па ахове аб’ектаў у гарадскім пасёлку Акцябрскі Светлагорскага аддзела Дэпартамента аховы МУС.

“Я ўсцешаны, што здаровы сэнс урэшце перамог. Праз такія невялікія крокі мы пашыраем уласную свабоду. Бо нават наймудрэйшая інструкцыя не можа супярэчыць Канстытуцыі, паводле якой любы чалавек мае права на збор і распаўсюд інфармацыі, калі гэта не пагражае нацыянальнай бяспецы і грамадскім інтарэсам. І суды, і міліцыя, і выканкамы існуюць на грошы падаткаплатнікаў і павінны працаваць адкрыта і галосна”, — кажа  Андрэй Павук.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!