239

Блогер Аляксандр Кабанаў паведаміў пра знікненне свайго калегі Сяргея Пятрухіна

06.05.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Блогер Аляксандр Кабанаў паведаміў пра знікненне свайго калегі Сяргея Пятрухіна (канал "Народны рэпарцёр"). Вядома, што ён збіраўся ехаць да Сяргея Ціханоўскага, але ўжо некалькі гадзін ён не выходзіць на сувязь. На стрыме іншага блогера Уладзіміра Цыгановіча (MozgON) прагучала, што Пятрухін быў затрыманы АМАПам у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна, паведамляе ПЦ "Вясна".

Таксама высвятляецца месцазнаходжанне богера Уладзіміра Няронскага ("Слуцк для жизни"). У апошнія дні ён разам з Сяргеем Ціханоўскім ездзіў па краіне на аўтадоме. У апошні раз ён выходзіў на сувязь пасля затрымання свайго калегі.

Вечарам 6 траўня на Нямізе ў Мінску сабралася некалькі дзясяткаў прыхільнікаў затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага («Страна для жизни»), пераважна маладыя мужчыны. Людзі патрабавалі свабоду блогеру Ціханоўскаму.

Стрым вёў блогер з Оршы Шэры Кот.

Нагадаем, сёння пасля двух дзён пераследу на дарогах Беларусі міліцыя затрымала youtube-блогера, аўтара канала “Страна для жизни” Сяргея Ціханоўскага. Гэта адбылося на кальцавой дарозе каля Магілёва.

Машыну, дзе ехаў Сяргей Ціханоўскі, спыніла машына ДАІ. Акрамя супрацоўніка ДАІ да машыны падыйшоў супрацоўнік АМАПу, які адмаўляўся прад'яўляць Ціханоўскаму свае дакументы. Блогер у гэты час вёў стрым на свой канал, але потым спыніў яго. Ён паспеў папрасіць падпісчыкаў прыехаць на месца інцыдэнту і падтрымаць яго.

Будзе дапоўнена.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!