НЕ - ВАЙНЕ!
1099

Бізнесоўцы браты Карычы выйгралі суд супраць журналіста Станіслава Івашкевіча

12.11.2021 Крыніца: Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў

Нагодай для судовага пазову стала публікацыя артыкула праекту Organized Crime and Corruption Reporting Project (OCCRP) пра бізнес братоў Карычаў у Беларусі.

Станіслаў Івашкевіч, кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру, які робіць тэлевезийную перадачу “Давайце Разбірацца”, распавеў БАЖ пра сітуацыю наконт судовага рашэння, паволе якога ён павінен выдаліць цытаты з артыкула-расследавання пра дзейнасць сербскай сям’і Карычаў у Беларусі.

— Сапраўды, тэмай братоў Карычаў і іх ільготаў ад беларускіх уладаў я займаўся даўно. Нават маю прэмію за першае месца ў «Вольным слове-2020» у галіне журналістскіх расследаванняў, — распавёў БАЖ Станіслаў Івашкевіч. — Я быў па-за межамі краіны і не мог быць на судзе, адправіў хадатайніцтва ў Эканамічны суд Мінска, дзе адбываўся разгляд. Але суд прыняў рашэнне супраць мяне і пастанавіў зняпраўдзіць дзесятак публікацый пра тое, што Карычы атрымалі звышпрыбыткі ад уладаў Беларусі.

Гэта публікацыя рыхтавалася разам з журналістамі Беларускага расследвальніцкага цэнтру, Алесем Ярашэвічам і Вольгай Ратміравай. Журналісты некалькі год працуюць разам у галіне расследванняў. Публікацыя стала вынікам працы каманды, але пазоў тычыўся толькі Станіслава Івашкевіча. Журналіст звязвае такі падыход суда з міжнароднымі санкцыямі супраць братоў Карычаў і падаў апеляцыю, выніку якой цяпер чакае.

Каманда журналістаў, якія працуюць над расследаваннямі, з ліпеня не ў Беларусі.

— Эканамічны суд Мінска ўжо некалькі разоў разглядаў пазовы супраць мяне, — узгадвае журналіст. — Апошняя справа склалася з 10 паседжанняў цягам чатырох месяцаў супраць «Белэнерга». Тады суд адмовіў у пазове і пастанавіў прыбраць тры з трынаццаці цытат, дзе ўжывалася слова карупцыя, бо, паводле закону, гэты панятак можна выкарыстоўваць толькі пасля вынясення адпаведнага судовага рашэння.

Станіслаў Івашкевіч лічыць, што скарга братоў Карычаў з’явілася ў сувязямі з санкцыямі супраць іх.

— Суд не зацікаўлены разглядзець справу па сутнасці, бо могуць быць узнятыя дакументы, якія мы можам запытаць у рамках судовых паседжанняў, — мяркуе журналіст. — Паглядзім, што адкажуць на апеляцыю, але сітуацыя супрацьлеглая той, што было ў 2018 годзе. Паводзіны суда выглядаюць як палітычна матываваныя, бо былі праігнараваныя ўсе просьбы пазоўніка аб пераносе справы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!