660

«Без разгляду па істоце». Міліцыя адмовіліся адказваць на зварот магілёўскіх журналістаў

01.06.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка Ленінскага РАУС Магілёва Аляксандр Пушын паведаміў сябрам ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, што іх зварот будзе “пакінуты без разгляду па істоце”, бо магілёўскія БАЖаўцы да свайго звароту “не прадаставілі ўсталяваных дакументаў, якія пацвярджаюць свае паўнамоцтвы адстойваць правы і інтарэсы Скрабуновай А. А.”

На жаль, магілёўскі міліцэйскі кіраўнік не толькі прадэманстраваў няведанне правілаў карыстання беларускай мовай, але і не пажадаў нічога адказваць па сутнасці звароту магілёўскіх бажаўцаў.

snimok.jpg

Крыху раней Магілёўскі аблвыканкам і яго Упраўленне ўнутраных спраў напісалі магілёўскім сябрам ГА “БАЖ”, што іх звароты перакінараваныя для разгляду ў Ленінскі РАУС Магілёва. Жорсткія дзеянні супрацоўнікаў менавіта гэтага аддзела міліцыі ў дачыненні да журналісткі Аліны Скрабуновай прасілі праверыць магілёўскія БАЖаўцы.

23 траўня яны накіравалі калектыўныя звароты на адрас Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскага гарвыканкама і УУС аблвыканкама, у якіх выказалі свой пратэст на факт неабгрунтаванага жорсткага абыходжання з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас затрымання Скрабуновай.

adkaz_uus_0.jpg

— На жаль, замест тлумачэнняў наконт супрацьпраўных паводзін супрацоўнікаў праваахоўных органаў абласныя ўлады і міліцэйскія кіраўнікі перанакіравалі нашы звароты для разгляду ў Ленінскі РАУС, супрацоўнікі якога і “адзначыліся” пры затрыманні журналісткі Аліны Скрабуновай. Зразумела, што вінаватыя не будуць самі на сябе накладваць нейкія пакаранні, таму нам даслалі адпіску, да таго ж не вельмі пісьменную. Зараз мы будзем кансультавацца з юрыдычнай службай ГА “БАЖ” і дамагацца канкрэтнага адказу на нашы звароты”, –  кажа старшыня Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” Барыс Вырвіч.

Барыс Вырвіч таксама параіў магілёўскім уладам і праваахоўнікам усе ж  прыслухоўвацца да пазіцыі кіраўніка краіны:

— Магчыма, Аляксандр Лукашэнка не аўтарытэт для магілёўскіх чыноўнікаў і міліцыянтаў, але хацелася б ім нагадаць яго словы: “Человек должен высказывать свое мнение. Если ты человеку рот закрыл – на кухне ты каждому рот не закроешь. И это будет совсем плохо. Плохая история. Поэтому если кто-то вам говорит, что от меня исходит то, что я кому-то хочу рот закрыть – чепуха полная.

Нагадаем, што суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Таццяна Касцюк 29 мая пакарала штрафамі “за незаконны выраб прадукцыі СМІ для замежнага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” магілёўскіх журналістаў Аліну Скрабунову і Яўгена Глушкова.