1488

Белтэлерадыёкампанія сцвярджае, што галадоўка яе супрацоўніка з фінансавых прычын – беспадстаўная

17.02.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Эканамічныя ўмовы

“Белтэлерадыёкампанія, улічваючы відэазварот гукарэжысёра Жолудзя У.А., прыняла рашэнне надаць галоснасці сапраўдныя ўмовы працы дадзенага супрацоўніка”, – гаворыцца на сайце Белтэлерадыёкампаніі ў паведамленні ад 17 лютага.

“Толькі факты”, – піша Белтэлерадыёкампанія і падае шэраг лічбаў.

Паводле tvr.by, сп. Жолудзь, гукарэжысёр 2-й кваліфікацыйнай катэгорыі, працуе на 0,5 стаўкі, атрымлівае ў сярэднім за месяц больш за 7 мільёнаў рублёў, за праект “Еўрабачанне” атрымаў ганарар 1 млн. 150 тыс. рублёў. Акрамя таго, кіраўніцтва аддзелу гукарэжысёраў хадайнічала пра прэміяванне сп. Жолудзя па выніках праекту, і кіраўніцтва БТ  вырашыла даць яму прэмію ў памеры 1 млн. рублёў.

“Да ўсяго варта дадаць, што дадзены супрацоўнік-паўставачнік пражывае ў інтэрнаце, прадастаўленым яму Белтэлерадыёкампаніяй, за які плаціць каля 100 тыс. за месяц”, – піша tvr.by. – “Журналісты Белтэлерадыёкампаніі, гэтак жа як і многія мінчукі, якія арандуюць камерцыйнае жыллё, напэўна пазайздросцяць нашаму гукарэжысёру”.

Гукарэжысёр Белтэлерадыёкампаніі Уладзімір Жолудзь днямі абвясціў пра галадоўку у сваім відэазвароце.

Паводле яго слоў, падставай паслужыла апошняя відэатрансляцыя нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне». Жолудзь распавёў, што сістэма аплаты працы на Белтэлерадыёкампаніі ўладкаваная такім чынам, што супрацоўнікі маюць невялікія аклады — сам Уладзімір атрымлівае 600 тысяч на паўстаўкі, а астатні заробак забяспечваюць ганарары за праграмы, якія выйшлі ў эфір.

За працу, складаную і «тэхналагічную» ва ўсіх адносінах, за нацыянальны адбор на «Еўрабачанне», ён атрымаў 600 тысяч рублёў. Уладзімір Жолудзь таксама ўдакладняе, што гэтая сітуацыя з году ў год паўтараецца. Нягледзячы на тое што, паводле яго слоў, кіраўніцтва тэлекампаніі абяцала пайсці яму насустрач і павысіць аплату, нічога не змянілася.

Пасля таго як Уладзімір у чарговы раз узняў пытанне аб павелічэнні аплаты, яму прапанавалі звольніцца альбо звярнуцца да аднаго з кіраўнікоў Белтэлерадыёкампаніі, якія ў курсе праблемы. Прыём прызначаны на 23 лютага.

«Пасля таго як даведаліся, што я запісаўся на прыём, мне парэкамендавалі забраць заяву на звальненне. Пры гэтым я поўны рашучасці і з сённяшняга дня, 15 лютага, абвяшчаю галадоўку. Гэта не нейкія ультыматумы — я проста хачу, каб кіраўніцтва кампаніі звярнула ўвагу на існуючую праблему», — сказаў ён.

Па словах Уладзіміра Жолудзя, спыніць ён галадоўку ці працягне — залежыць ад вынікаў сустрэчы.