2730

“Белпошта” не ўключае Intex-press у падпісны каталог, гандлёвыя сеткі адмовіліся прадаваць газету ўжо цяпер

28.04.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

На мінулым тыдні стала вядома пра пракурорскае папярэджанне, а потым і два адміністрацыйныя пратаколы супраць рэдактара баранавіцкага недзяржаўнага выдання Intex-press за інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай.

Галоўнага рэдактара і ўладальніка сайта Уладзіміра Янукевіча звінавацілі ў “распаўсюдзе інфармацыі, распаўсюд якой забаронены”, не тлумачачы нават у чым канкрэтныя прытэнзіі ўладаў.

Услед за пракурорскім і адміністрацыйным ціскам сёння, 28 красавіка, “Белпошта” паведаміла, што не ўключыць выданне ў падпісны каталог на другое паўгоддзе і не возьме яго для продажу у аддзяленнях.

Нібы па камандзе, прадаваць адно з найбуйнейшых недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў Брэсцкай вобласці адмовіліся і прыватныя гандлёвыя сеткі “Белмаркет”, “Марцін”, “Дабраном” і іншыя.

У сваю чаргу галоўны рэдактар Intex-press Уладзімір Янукевіч не падае духам і гаворыць, што літаральна днямі выданне паспрабуе вярнуцца да ўласнай сеткі распаўсюду, якая ўжо працавала пасля 2005 года, калі многія недзяржаўныя медыя былі выключаны з каталогаў “Белпошты” і “Белсаюздрука”.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” заклікае калег і чытачоў выдання да салідарнасці. Сачыце за навінамі Intex-press, падпісвайцеся, як толькі з’явіцца такая магчымасць! 

Каманда Intex-press — гэта гонар беларускай журналістыкі!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!