1661

“Белпошта” не адказвала на электронныя звароты праз збой у працы праграмнага модуля?

12.07.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Каб атрымаць адказ з РУП “Белпошта”, юрысту газеты “Борисовские новости” спатрэбілася больш за тры месяцы і давялося напісаць некалькіх зваротаў.

Яшчэ ў сакавіку бягучага года Алег Мацкевіч звярнуўся ў гэтую арганізацыю з прапановай разглядзець магчымасць уключэння перыядычнага друкаванага выдання газеты “Борисовские новости” ў падпісны каталог на другое паўгоддзе 2016 г.

Не атрымаўшы адказу на першы зварот, ён звярнуўся ў “Белпошту” паўторна. Але і на паўторны зварот адказ не прыйшоў. Тады А. Мацкевіч звярнуўся са скаргай у пракуратуру Мінскай вобласці. Пракуратура Мінскай вобласці пераадрасавала скаргу ў Мінскую гарадскую пракуратуру, а тая, у сваю чаргу, – пракурору Ленінскага раёна г. Мінска.

Пасля гэтага РУП “Белпошта” адказала. З прабачэннямі за затрымку, якая нібы адбылася з тэхнічных прычын, і тлумачэннямі, чаму прадпрыемства па-ранейшаму не можа ўключыць “Борисовские новости” ў падпісны каталог на другое паўгоддзе 2016 г.

Са спасылкай на арт. 391 ГК прадпрыемства “Белпошта” паведамляе, што “грамадзяне і юрыдычныя асобы вольныя ў заключэнні дамовы”, і што “выбар друкаваных выданняў для фарміравання каталога дзеля наступнага іх распаўсюду праз падпіску з’яўляецца правамі РУП “Белпошта””. “На падставе вышэйпададзенага, уключэнне газеты “Барысаўскія навіны” ў падпісны каталог II паўгоддзя 2016 года не ўяўляецца магчымым”, – піша намеснік генеральнага дырэктара па пытаннях эканомікі Генадзь Дзям’яненка.