2739

“Белпошта” і “Белсаюздрук” зноў адмовілі “Газеце Слонімскай” (ДАКУМЕНТЫ)

07.05.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", фота А. Зянкова Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Абодва прадпрыемствы-манапалісты, спасылаючыся на розныя прычыны, напісалі, што не будуць займацца распаўсюдам недзяржаўнага выдання “Газета Слонімская” і яго дадатку “Отдушина”.

“Паколькі абавязак па ўключэнні друкаванага выдання ў каталог не прадугледжана заканадаўствам, выбар друкаваных выданняў для фармавання каталогу з мэтай далейшага іх распаўсюду праз падпіску з’яўляецца правам РУП “Белпошта”, якое ім рэалізуецца ў адпаведнасці з заканадаўствам”, – гаворыцца ў лісце ад 29 красавіка за подпісам першай намесніцы генральнага дырэктара прадпрыемства Алены Скрыпчык

 

“На падставе выкладзенага, РУП “Белпошта” лічыць немэтазгодным уключэнне ў падпісны каталог выдання “Газета Слонімская”, паколькі Вашы патрабаванні не заснаваныя на нормах заканадаўства”, – піша намесніца дырэктара.

РУП “Белсаюздрук” паведаміла, што займаецца распаўсюдам перыядычных выданняў толькі ў Мінску. “Прымаючы да ўвагі, што матэрыялы, выкладзеныя ў выданнях “Газета Слонімская” і “Отдушина”, маюць характар рэгіянальнай скіраванасці, па пытанні рэалізацыі прапанаваных Вамі газет прапануем звярнуцца ва УП “Гроднааблсаюдзрук””, – гаворыцца ў пасланні ад 29 красавіка за подпісам дырэктара прадпрыемства Ігара Дудзіча.

Як паведаміў прэс-службе ГА “БАЖ” галоўны рэдактар выдання Віктар Валадашчук, ён ужо звярнуўся ў “Гроднааблсаюдзрук” і цяпер чакае адказу.  

«Газеты Слонімскай» няма ў падпісным каталогу  і газетных кіёсках з 2006 г. Тады, напярэдадні кампаніі выбараў прэзідэнта, у падпісныя каталогі "Белпошты" не трапілі 16 недзяржаўных выданняў. 19 незалежных газет страцілі магчымасць распаўсюду праз шапікі "Белсаюздруку". Спробы рэдакцый і чытачоў апратэстоўваць такія дзеянні манапалістаў (у тым ліку праз суд) не далі плёну.

Рэдакцыя “ГС” не раз звярталася да “Белпошты” і мясцовага прадпрыемства “Саюздруку” з просьбай ўзнавіць распаўсюд газеты. З адпаведным патрабаваннем звярталіся таксама калектыўнымі лістамі чытачы газеты (у 2013 годзе было сабрана каля 500 подпісаў). Але атрымалі адмовы. Не даў выніку і калектыўны зварот ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Распаўсюд газеты адбываецца праз падпіску ў рэдакцыі і на выездзе, а таксама праз  уласную сетку распаўсюднікаў.