1339

Беларусы ЗША заступаюцца за Марыну Золатаву: суд адаб’ецца на інвестыцыях і палітычных перспектывах краіны

08.02.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША накіравалі ў амбасаду Беларусі ў Вашынгтоне петыцыю з заклікам спыніць крымінальны пераслед галоўнага рэдактара TUT.BY, суд над якой пачынаецца ў аўторак, 12 лютага.

Петыцыю, размешчаную на партале change.org, падпісалі некалькі соцень прадстаўнікоў дыяспары.

— Беларуская супольнасць у ЗША, нашы сябры і родныя, якія сочаць за падзеямі ў Беларусі, звяртаемся з заклікам да адпаведных дзяржаўных устаноў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку Следчага Камітэта і Мінскі гарадскі суд, неадкладна спыніць пераслед галоўнага рэдактара інфармацыйнага партала Tut.by, Марыны Золатавай, у сувязі са "справай БелТА", — гаворыцца ў звароце.

"Справа БелТА" — адзін з самых гучных і абуральных прыкладаў запалохвання і ціску на прадстаўнікоў незалежных медыя ў Беларусі за апошні час. Мы рашуча пратэстуем супраць гэтай спробы дзяржавы запалохаць і ўсталяваць кантроль над незалежнымі журналістамі і тымі незалежнымі інфармацыйнымі ўстановамі, якія забяспечваюць у Беларусі адну з фундаментальных асноў дэмакратычнага грамадства — прысутнасць незалежных медыя.

Мы вельмі абураныя метадамі расследавання, якія былі скарыстаны супраць журналістаў падчас гэтай справы: падслухоўванне прыватных размоў, вераломныя затрыманні на кватэрах, канфіскацыя службовага і прыватнага тэхнічнага абсталявання, дакументаў і папер, надзвычайныя па памерах штрафы, забарона на перадачы ад родных падчас затрымання.

Асаблівае абурэнне выклікае мэтанакіраванае пераследванне галоўнага рэдактара партала Тut.by, Марыны Золатавай. Апошнія падзеі дэманструюць, што ўся "справа БелТА" была распачата ментавіта з мэтай напалохаць і дыскрэдытаваць галоўнага рэдактара Тut.by.

Мы заклікаем Следчы Камітэт і Мінскі суд спыніць крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара Тut.by. "Справа БелТА" ўжо негатыўна паўплывала на імідж Беларусі на міжнароднай арэне. Суд над галоўным рэдактарам Тut.by выклікае новую хвалю пратэсту ва ўсім свеце і яшчэ горш адаб'ецца на інвестыцыях і палітычных перспектывах краіны, — гаворыцца ў петыцыі.

Нагадаем, што суд над Марынай Золатавай мае распачацца ў аўторак, 12 лютага, у Мінску.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” заклікае калег прыйсці і падтрымаць галоўнага рэдактара TUT.BY падчас крымінальнага працэсу.

Суд над Мариной Золотовой 12 февраля — приходите поддержать!

 

«На месца TUT.BY прыйдуць не „Свабода“ і „Наша Ніва“, а расейскія СМІ», — Золатава