614

Беларускія журналісты і БАЖ у Гамбургу атрымалі прэмію Free Media Awards

03.11.2021 Крыніца: Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў

У Гамбургу прайшло ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі Free Media Awards, усе сёлетнія лаўрэаты — беларусы. Пераможцы былі названыя яшчэ ў жніўні. Гэта — Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Наталля Лубнеўская, партал ТУТ.БАЙ і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

1 лістапада ў Нямеччыне прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання, удзел у якой з беларускага боку ўзялі рэдактары незалежнага тэлеканала Наталля і Зміцер Ягоравы, журналісткі Наталля Лубнеўская і Кацярына Барысевіч, прадстаўніца ТУТ.БАЙ Аляксандра Пушкіна і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Звычайна прэміі Free Media Awards прысуджаюць журналістам з розных краін, аднак сёлета было зроблена выключэнне.

Беларуская асацыяцыя журналістаў узнагароджана прэміяй Free Media Awards за нястомную працу ў падтрымку правоў журналістаў. Разам са сваёй партнёрскай арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў» БАЖ ад пачатку пратэстаў у Беларусі ў жніўні 2020 года задакументавала і зрабіла галоснымі шматлікія парушэнні свабоды СМІ і рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных журналістаў. Акрамя таго БАЖ прапануе дапамогу журналістам і з'яўляецца важнай крыніцай інфармацыі для міжнародных СМІ.

Беларускую асацыяцыю журналістаў намінаваў на атрыманне ўзнагароды Нарвежскі Хельсінкскі камітэт.

З 2016 года ўзнагароды Free Media Awards уручаюцца незалежным журналістам, рэдактарам і медыя-платформам у Расіі, Украіне, Азербайджане, Беларусі, Грузіі і Арменіі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!