1316

Беларускія журналісткі, якія знаходзяцца ў Парыжы, ад тэрактаў не пацярпелі

14.11.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

 

У французскай сталіцы, дзе позна ўвечары 13 лістапада адбылося некалькі тэрактаў, знаходзіцца пяцёра журналістак з Мінска. Як паведаміла Радыё “Свабода” адна з іх, Юлія Коцкая, яны прыляцелі ў Парыж у пятніцу ў абед. Увечары, гуляючы па горадзе, бачылі шмат паліцэйскіх і чулі сірэны, але пра тэракт даведаліся толькі раніцай. 

Позна ўвечары 13 лістапада ў Парыжы адбылося некалькі тэрактаў. Паводле парыжскай пракуратуры, колькасць загінулых па стане на 16.00 14 лістапада складала 128 чалавек. Акрамя таго, 180 чалавек (па некаторых звестках – больш за 200) атрымалі раненні і траўмы, 99 з іх знаходзяцца ў крытычным стане. Сярод пацярпелых ёсць беларус.

Напады былі здзейсненыя ў тэатральна-канцэртным цэнтры «Батаклан», у рэстаране «Маленькая Камбоджа» у бары «Ле Карыён», у гандлёвым цэнтры «Ле Аль». Тры выбухі адбыліся на стадыёне «Стад-дэ-Франс» падчас футбольнага матчу зборных Францыі і Германіі. Паводле папярэдняй інфармацыі, акцыю ажыццявілі 8 тэрарыстаў.

«Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасць за тэракты і, як паведамляе Reuters, выступіла з новымі пагрозамі Францыі. Тэрарысты пагражаюць не пакінуць Францыю ў міры, пакуль ня спыняцца бамбардаванні іх пазіцый у Сірыі.

У Францыі абвешчана трохдзённая жалоба і ўведзена надзвычайнае становішча.

У Мінску людзі нясуць кветкі і свечкі да пасольства Францыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!