3749

Беларускія ўлады лічаць, што парушэння правоў журналіста не было

29.02.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Аляксандру Буракову даслалі з Камітэта па правах чалавека ААН копію адказу, які далі беларускія ўлады на яго скаргу ў гэтую ўстанову.

У прыватнасці, у “Інфармацыі кампетэнтных органаў Рэспублікі Беларусь” паведамляецца, што Аляксандр Буракоў прайшоў усе ўнутраныя судовыя інстанцыі з мэтай абскарджання пастановы суда Ленінскага раёна Магілёва. (У 2014 годзе журналіста прызналі вінаватым у парушэнні арт. 22.9 КаАП РБ  і прыцягнулі да адказнасці, аштрафаваўшы на 40 базавых велічыняў за “незаконны выраб прадукцыі СМІ”.)

Беларускія “кампетэнтныя органы” палічылі, што Буракову “ў поўнай меры было забяспечана права на справядлівы і публічны разгляд справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом, створаным на падставе закона, а таксама на перагляд справы вышэйстаячай судовай інстанцыяй згодна закона”.

У адказе робіцца выснова, што права Буракова на свабоднае выказванне меркавання ў адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) парушана не было. Акрамя гэтага, устаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадак акрэдытацыі ў якасці журналіста СМІ не можа разглядацца як абмежаванне права, указанага ў пункце 3 артыкула 19 МПГПП.

Сам Аляксандр Буракоў спадзяецца, што КПЧ ААН прыме да ўвагі ўсе абставіны справы, выкладзеныя ў яго скарзе, і прыме справядлівае рашэнне. Журналіст лічыць, што дзяржава не дала канкрэтнага адказу, абмежаваўшыся сцвярджэннем сваёй невінаватасці.

Нагадаем, што Аляксандр Буракоў вымушаны быў звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН пасля таго як прайшоў усе судовыя інстанцыі ў Беларусі, спрабуючы абскардзіць вынесенае 8 кастрычніка 2014 года суддзёй Ленінскага раённага суда Магілёва Аленай Волкавай рашэнне. Падставай для пакарання паслужыў размешчаны на сайце DW.de 25 жніўня 2014 года артыкул “Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?” за подпісам Аляксандра Буракова.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!