1083

Беларуская асацыяцыя журналістаў падвяла вынікі працы за тры гады + ФОТА

20.04.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У першай палове дня на з’ездзе Беларускай асацыяцыі журналістаў у Мінску сябры арганізацыі падводзілі вынікі працы аб’яднання за апошнія тры гады. З прамовамі выступілі Андрэй Бастунец, Алег Агееў, Юрась Карманаў, Аліна Суравец, Ірына Карамышава, Анатоль Гуляеў, Вольга Хвоін, Барыс Гарэцкі і іншыя.

— У перыяд з красавіка 2015 па красавік  2018 года арганізацыя сутыкнулася з шэрагам выклікаў, — гаворыць старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

 Узнікла неабходнасць рэагаваць на:

- пашырэнне практыкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі;

- затрыманні журналістаў падчас масавых акцый;

- прымяненне закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, а таксама Крымінальнага кодэкса для абмежавання свабоды выказвання і распаўсюду інфармацыі;

- эканамічныя праблемы, якія вызначалі стан беларускай медыясферы, а таксама змены ў медыяспажыванні;

- абмежаванні доступу да інфармацыі;

- абмежаванне доступу да папулярных інтэрнет-рэсурсаў;

- уплыў расійскай прапаганды на беларускую медыяпрастору.

Напрыканцы 2017 года міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч абвесціў пра тое, што рыхтуюцца змены ў заканадаўства ў галіне СМІ, якія тычацца, у першую чаргу, інтэрнет-прасторы. Як толькі праект зменаў у заканадаўства трапіў да БАЖ, юрысты арганізацыі ў скрайне абмежаваны час падрыхтавалі свае заўвагі і прапановы да праекта закона і накіравалі іх у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама ў Мінінфарм. Адбываюцца кансультацыі з прадстаўнікамі СМІ, інтэрнет-супольнасці, міжнародных арганізацый і структур з іншымі зацікаўленымі асобамі па магчымасці правядзення кампаніі лабіравання інтарэсаў медыясектара дзеля змякчэння прапанаваных паправак да закона і змянення практыкі яго прымянення.

На думку экспертаў БАЖ, законапраект уводзіць залішнія і неабгрунтаваныя абмежаванні свабоды выказвання, найперш — у інтэрнэце. На IX з’ездзе БАЖ у красавіку 2015 года былі зацверджаныя Стратэгічныя накірункі дзейнасці арганізацыі.

У дакуменце зафіксавана, што галоўнай мэтай дзейнасці ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з’яўляецца пашырэнне прасторы для свабоды слова праз падтрымку якаснай, запатрабаванай у грамадстве журналістыкі і распаўсюду праўдзівай інфармацыі, — сказаўАндрэй Бастунец.

 

Адстойванне свабоды выказвання меркавання і права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі

— Дзеянні БАЖ у гэтым стратэгічным накірунку былі накіраваныя на шэраг момантаў, — падводзіць вынікі юрыст БАЖ Алег Агееў.

Найперш, гэта захаванне незалежнай журналістыкі ў краіне праз забеспячэнне прававой абароны і падтрымкі сябраў арганізацыі ў выпадку парушэнняў правоў,   абарона іх інтарэсаў у стасунках з дзяржаўнымі, грамадскімі і камерцыйнымі структурамі, а таксама праз арганізацыю грамадскіх кампаній у падтрымку незалежнай журналістыкі; умацаванне сістэмы падтрымкі журналістаў, якія трапілі ў крытычныя сітуацыі; фіксацыю і публічнае агалошванне фактаў парушэнняў права на свабоду слова і доступ да інфармацыі; правядзенне кампаніі за доступ да інфармацыі; падрыхтоўку прапаноў зменаў у заканадаўстве, накіраваных на рэфармаванне медыясферы.

Прававая абарона сябраў БАЖ, якія падвяргаюцца ціску за сваю прафесійную дзейнасць, і падтрымка журналістаў, якія трапілі ў крытычныя сітуацыі.

У цэнтры ўвагі юрыстаў БАЖ цягам 2015–2018 гг. былі справы па прыцягненні журналістаў да адказнасці па ч. 2 арт. 22.9 КаАП і па затрыманнях журналістаў у сувязі з выкананнем імі прафесійных абавязкаў.

За справаздачны перыяд БАЖ зафіксавала больш за 100 выпадкаў штрафаў журналістам па артыкуле 22.9 КаАП (69 з якіх — у 2017 г.), і хваля ціску на іх працягваецца — 28 штрафаў ужо ў 2018 г.

Падчас масавых акцый пратэсту ў 2017 г. рэзка павялічылася колькасць затрыманняў журналістаў. Калі ў 2015 і 2016 гадах гэта колькасць была адносна невялікай (2015 г.  — 19, 2016 г. — 13), то цягам 2017 года было зафіксавана 101 затрыманне. З пачатку 2018 г. БАЖ зафіксавала 10 выпадкаў затрыманняў.

Сябрам БАЖ у выпадку парушэння іх прафесійных правоў аказвалася ўся магчымая прававая дапамога: кансультаванне, забеспячэнне прадстаўніцтва ў судах, абскарджанне судовых пастановаў на нацыянальным і на міжнародным узроўнях (звароты ў Камітэт па правах чалавека ААН).

На жаль, у пераважнай большасці адміністрацыйных справаў супраць журналістаў абараніць сябраў БАЖ прававымі сродкамі было амаль немагчыма. Але ўсім тым, хто трапіў у складаную сітуацыю ў выніку пераследу за прафесійную дзейнасць, аказвалася ўся магчымая падтрымка, у тым ліку псіхалагічная.

Акрамя дапамогі ў канкрэтных выпадках ціску на сябраў БАЖ, арганізацыя накіроўвала звароты ў дзяржаўныя органы з мэтай прадухіліць парушэнне правоў журналістаў і СМІ ці спыніць яго. Сярод адрасатаў зваротаў БАЖ у справаздачны перыяд: Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Канстытуцыйны суд, суды ўсіх узроўняў, Міністэрства інфармацыі, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства ўнутраных спраў, Следчы камітэт, Генеральная пракуратура і інш. Звароты тычыліся, сярод іншага, пераследу журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі медыямі без аккрэдытацыі, затрыманняў журналістаў, адкрытасці судовых працэсаў, блакіроўкі сайтаў: kyky,org, belaruspartysan.org, charter97.org, змены заканадаўства ў галіне СМІ і практыкі яго прымянення.

Праца з дзяржаўнымі органамі дзеля ўдасканалення  заканадаўства аб СМІ і паляпшэння практыкі яго прымянення, падрыхтоўка прапаноў дзеля рэфармавання медыясферы

Мэтай гэтага накірунку з’яўляецца паляпшэнне прававых умоў дзейнасці журналістаў і СМІ, пашырэнне прасторы свабоды слова.

Лабіяванне інтарэсаў медыясектара і каштоўнасцяў свабоды выказвання ладзіцца як у самой Беларусі, так і на пляцоўках міжнародных устаноў, у якія ўваходзіць наша краіна (ААН, АБСЕ), і з якімі супрацоўнічае (напрыклад Савет Еўропы, Еўрасаюз і г. д.). Для гэтага ў міжнародныя ўстановы накіроўваюцца альтэрнатыўныя даклады ў галіне свабоды слова з прапановамі, якія потым  павінны разглядацца дзяржаўнымі органамі ў Беларусі. Асабліва шчыльнае супрацоўніцтва наладжана з Офісам Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, — падвёў вынікі працы Алег Агееў.

Адукацыйныя курсы

— Адукацыйныя курсы ставілі на мэце адаптаваць журналіста да імклівых зменаў у прафесіі, дапамагчы журналістам у авалоданні новымі інструментамі ў розных сферах працы — ад фота і відэа, да сацыяльных сетак і журналістыкі дадзеных, — падводзіць вынікі кіраўнік адукацыйнага накірунку БАЖ Юрась Карманаў.

За апошнія тры гады БАЖ былі арганізаваныя 27 стацыянарных вочных і завочных курсаў, праз іх прайшлі больш за 300 чалавек. Двухмесячныя модульныя курсы БАЖ практыкаарыентаваныя.

Кожны год БАЖ робіць 8-9 курсаў, прыцягваючы ў якасці выкладчыкаў найлепшых практыкуючых журналістаў. БАЖ імкнецца набіраць не больш за 12-14 чалавек на курс. Гэта аптымальная лічба, якая дазваляе трэнеру эфектыўна адсочваць выніковасць практычных заданняў. Але часам колькасць заявак перавышае 60. І тады вымушаныя павялічыць набор да 20-25 асобаў на курс. Так, да прыкладу, было з курсам па фатаграфіі і з “Навінамі па-новаму”.

Выкладчыкамі на курсы БАЖ прыцягвае і замежных трэнераў, якія могуць пашырыць “беларускія гарызонты”, паказаць досвед працы журналіста ў Швецыі і Латвіі, Украіне і Расіі, Польшчы і Нарвегіі.

Акрамя таго, цягам апошніх трох гадоў БАЖ зладзіў 9 in-house трэнінгаў, якія праводзіліся па запытах рэдакцый СМІ. Журналісты выданняў на месцы атрымлівалі парады для паляпшэння якасці матэрыялаў і арганізацыі працы ў рэдакцыях.

— БАЖ пачаў практыкаваць фармат адкрытых лекцый, якія аказаліся запатрабаванымі ў журналістаў. Мы маем намер запрашаць на адкрытыя лекцыі не толькі зорак журналістыкі, але і вядомых блогераў, грамадскіх дзеячаў. Мы пачалі супрацоўнічаць з сайтам Беларускай асацыяцыі журналістаў — тэксты лекцый. запіс відэа можна паглядзець на сайце, таму прапануем вам карыстацца гэтым сэрвісам, — падвёў вынікі працы Юрась Карманаў.

 

Адукацыйныя праграмы ў рэгіянальных структурах

— У справаздачны перыяд прафесійнаму развіццю рэгіянальных журналістаў надавалася шмат увагі. За тры гады па запытах рэгіянальных сябраў БАЖ арганізавана і праведзена на месцах 37 майстар-класаў, 38 трэнінгаў, 19 семінараў, — працягнула намеснік старшыні БАЖ Аліна Суравец.

— Найбольш запатрабаванымі былі тэмы пра сацыяльныя сеткі, стварэнне фота- і відэаматэрыялаў, прававую бяспеку і прафесійнае выгаранне.

Усё часцей суполкі БАЖ сталі праводзіць міжрэгіянальныя трэнінгі, семінары, майстар-класы, якія даюць не толькі новыя веды, але і абмен асабістым досведам з журналістамі іншых СМІ і рэгіёнаў, таму і карысць ад іх удвая большая.

Яшчэ адна тэндэнцыя апошніх гадоў: у рэгіёнах сталі больш запатрабаванымі мясцовыя трэнеры ці трэнеры з іншых рэгіёнаў (не толькі з Мінску).

Цягам трох апошніх гадоў для рэгіянальных журналістаў і СМІ ладзіліся доўгатэрміновыя адукацыйныя праграмы (ад паўгода да 3 гадоў):

Канвергентныя СМІ — для рэдакцый васьмі СМІ, якія пераходзілі з прынта на анлайн. Праз гэтую праграму прайшлі не толькі ўласнікі СМІ і галоўныя рэдактары, але і рэдактары сайтаў, рэкламныя службы, дызайнеры выданняў, сістэмныя адміністратары. Праводзяцца персанальныя і рэдакцыйныя кансультацыі па вэб-рэкламе, бізнес-стратэгіях, персаналу, манетызацыі сайтаў, стварэнні мультымедыйнага кантэнту, банка дадзеных і іншых накірунках.

Медыяцыя — для журналістаў, якія мелі жаданне набыць веды па вядзенні перамоваў і вырашэнні канфліктаў. Вынікам праграмы можна лічыць тое, што ў рэгіёнах цяпер ёсць 10 медыятараў, якія здольныя весьці перамовы ў канфліктных сітуацыях, выступаць медыятарамі (трэцім бокам) у спрэчках, прасоўваць практыкі медыяцыі ў медыяасяродак.

Медыябізнес — для рэдактараў і журналістаў, якія хочуць зарабляць грошы праз медыяпраекты. Курс па замове МФЖ (сябрам якой з’яўляецца БАЖ) правяла Бізнес-школа ІПМ. З 84 заяўнікаў на курс былі адабраныя 23 удзельнікі, з якіх да абароны праектаў дайшлі 16. Лепшыя 4 рэгіянальныя праекты былі адзначаныя журы.

Школы журналістыкі — для журналістаў-пачаткоўцаў, якія маюць жаданне далучыцца да журналісцкай прафесіі. Праз Школы журналістыкі за 3 гады прайшло больш за 95 журналістаў (большасць з рэгіёнаў). Праз спецыяльныя трэнінгі для трэнераў былі падрыхтаваны дзевяць трэнераў-практыкаў, якія дапамагаюць моладзі зрабіць 10 крокаў да якаснай журналістыкі.

 

Умацаванне арганізацыйнага патэнцыялу

— Мэтамі дзейнасці ў гэтым стратэгічным накірунку былі  вызначаныя:  актыўны ўдзел сябраў БАЖ у жыцці арганізацыі; умацаванне філій і суполак арганізацыі і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, удасканаленне сістэмы камунікацыі; умацаванне матэрыяльнай базы арганізацыі і яе фінансавай устойлівасці (абнаўленне аргтэхнікі і праграмнага забеспячэння, наяўнасць памяшкання для адукацыйных і працоўных сустрэч, аптымізацыя сістэмы сяброўскіх унёскаў у арганізацыі) і гд, —працягвае Аліна Суравец.

— На выніковай сустрэчы кіраўнікоў філіяў і актывістаў у 2017 годзе мы прааналізавалі, наколькі адпавядае дзейнасць філіяў стратэгіі БАЖ, і прышлі да высновы, што адпавядае практычна на 85-90 %.

У сакавіку мы перагледзілі і дапрацавалі Стратэгію арганізацыі на 2018-2020 гг. Акрамя апісальнай часткі і асноўных накірункаў дзейнасці арганізацыі, распрацавалі план рэалізацыі стратэгіі БАЖ на 3 гады. Стратэгія будзе прадстаўленая на З’ездзе БАЖ.

Асноўныя вынікі працы за 3 гады:

У верасні 2015 г. БАЖ адзначыла сваё 20-годдзе, было праведзена  ўрачыстае мерапрыемства з удзелам сябраў арганізацыі і запрошаных.

За 3 гады БАЖ арганізавала тры вялікія міжнародныя канферэнцыі:

кастрычнік 2016 г. — па журналістскай этыцы (суместна з  FOJO і БСЖ);

люты 2017 г. — наконт выклікаў беларускаму медыясектару і шансаў на выпраўленне сітуацыі;

лістапад 2017 г.  —  па праблемах фрыланс-журналістыкі ў Беларусі.

Усе канферэнцыі мелі вялікі розгалас і сталі пляцоўкай для публічнага абмеркавання медыйных пытанняў. У канферэнцыях прынялі ўдзел  прадстаўнікі FOJO, АБСЕ, МФЖ, ЕФЖ, БСЖ медыяэксперты з некаторых краін СНГ і Еўрасаюза.

У 2017 годзе БАЖ выступіла арганізатарам працэсу напісання Стратэгіі незалежнага медыясектара Беларусі. Было праведзена 4 сесіі, на якія запрашаліся прадстаўнікі медыясектара Беларусі, медыяэксперты, НДА і інш. У працы над Стратэгіяй прынялі ўдзел звыш 80 асобаў. Дакумент прадстаўлены супольнасці праз мэтанакіраваную рассылку, хутка з’явіцца ў адкрытым доступе.

Спартова-культурніцкі фэст “БАЖынкі”, які нарадзіўся ў асяродку рэгіянальных актывістаў ў 2008 годзе, стаў добрай традыцыяй грамадскага аб’яднання. Глыбокае, Гродна і Маладзечна апошнія тры гады прымалі бажаўцаў у сваіх філіях, займаліся арганізацыяй фэсту. У 2017 годзе ў падрыхтоўцы фэсту былі задзейнічаны і ўдзельнікі лідарскай праграмы БАЖ.

На жаль, не атрымаўся “БАЖны дзень”, які быў прадугледжаны Стратэгічным планам. Удзельнікаў з ліку новых сябраў БАЖ, дзеля якіх праводзілася гэтае мерапрыемства, было вельмі мала, што ставіць пытанне пра неабходнасць яго правядзення ў дальнейшым.

 

Дзейнасць рэгiянальных структур

— У БАЖ на красавік 2018 года існуе 19 рэгіянальных філій і суполак, з іх 4 маюць афіцыйны статус (рэгістрацыю ў рай- і аблвыканкамах) і 15 суполак з’яўляюцца суполкамі сябраў БАЖ па месцы жыхарства, — працягвае Аліна Суравец.

— За апошнія 3 гады колькасць рэгіянальных сябраў арганізацыі павялічылася на 77 чалавек, была створаная адна новая суполка — у Ганцавічах.

Цягам апошніх трох гадоў у філіях і суполках адбылося 96 сходаў. Гэта значна больш, чым за папярэдні адпаведны перыяд. Гэта сведчыць, што за апошнія гады сябры ў філіях сталі больш шчыльна камунікаваць, ладзіць больш імпрэзаў, акцый салідарнасці з калегамі.

Сітуацыя змянілася ў лепшы бок, дзякуючы індывідуальнай працы кіраўнікоў філіяў з сябрамі, стварэнню груп у сацыяльных сетках ды сістэмнаму планаванню дзейнасці філіяў, якое нарэшце прыжылося ў нашых структурах.

Сістэмная праца філіяў нарадзіла шэраг мерапрыемстваў, якія сталі традыцыйнымі.

Своеасаблівай адметнасцю Гомельскай філіі, акрамя прэс-тураў па Чарнобыльскай зоне, стаў  конкурс “За адданасць прафесіі!”, які  ладзіцца ўжо больш за 5 гадоў. Ён выйшаў за межы філіі, у ім удзельнічаюць журналісты з розных рэгіёнаў Беларусі.

Глыбоцкая суполка штогод праводзіць выніковы сход у фармаце адроджаннага мясцовага абраду “Жаніцьба Цярэшкі”, ініцыявала правядзенне “Бульбяннога фэсту”.

Лунінецкая філія добра вядомая як арганізатар байдарачных прэс-тураў і вераснёўскіх сустрэч “Разам з БАЖ” для школьнікаў і студэнтаў, акрамя таго яна штогод увосень збірае журналістаў і літаратараў Берасцейшчыны і ладзіць “круглыя сталы” (якіх адбылося ўжо 8).

Віцебскія сябры БАЖ праславіліся гучнымі акцыямі салідарнасці кшталту фотасесіі “ў клетках на фоне птушак” і абаронай Парку партызанскай славы разам з грамадзянамі. Цягам справаздачнага перыяду сябры філіі за 3 гады стварылі 4 дакументальныя фільмы пра тое, што адбываецца на Віцебшчыне і тычыцца свабоды выказвання.

За 3 гады рэгіянальнымі філіямі БАЖ было зладжана 13 прэс-тураў, 32 творчыя і літаратурныя сустрэчы, 26 прэс-клубаў, 15 “круглых сталоў” ды іншыя мерапрыемствы.

Рэгіянальныя журналісты ладзілі акцыі салідарнасці з калегамі,  а таксама  дабрачынныя акцыі: дапамагалі дзецям, інвалідам, састарэлым, наведвалі прытулкі для жывёлаў, садзілі алеі і прыбіралі паркі, арганізоўвалі талаку і вечарыны па зборы сродкаў хворым дзецям. Усе гэтыя мерапрыемствы ладзіліся па ініцыятыве філіяў у рамках распачатай у снежні 2016 года “Эстафеты добрых спраў”. Ідэю “Эстафеты” прапанаваў Ілля Дзянісаў з Браслава, удзельнік лідарскага курса. А падхапілі яе амаль усе рэгіянальныя філіі і суполкі БАЖ. За першы год на рахунку “Эстафеты” каля 30 добрых спраў. Ёсць дамоўленасць філіяў прадоўжыць “Эстафету” і ў 2018 годзе.

Добрай падтрымкай для працы філіяў у 2017 годзе стаў лідарскі курс для рэгіянальных актывістаў, які быў зладжаны супольна з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў. Большасць філіяў адгукнулася на прапанову даслаць на курс актывістаў. У выніку склалася група з 16 актывістаў, якія мелі жаданне набыць грамадскія кампетэнцыі і актыўна працаваць на ўмацаванне патэнцыялу філіяў і арганізацыі ў цэлым.

У рамках лідарскага курса актывісты не толькі набывалі веды, але і мелі магчымасць распрацаваць і рэалізаваць асабістыя міні-праекты. Праца над імі распачалася ў час сесіі, прысвечанай праектнай дзейнасці і планаванню розных мерапрыемстваў.

Дзякуючы лідарскаму курсу атрымалі жыццё ініцыятывы: Hrodnamediaroom (Вольга Корсун), бардаўскі фэст у Браславе (Ілля Дзянісаў), дэбаты ў Магілёве (Алесь Буракоў), Фармальныя сустрэчы журналістаў (Антон Сурапін) ў Баранавічах, Гродне і Мінску, вандроўка на радзіму Святланы Алексіевіч (Марына Драбышэўская), вела-тур праз Белавежскую пушчу (Максім Хлябец), фільм пра Чарнобыльцаў (Алена Шабуня) і г. д.

Штогод БАЖ ладзіць конкурс “Філія года”.

За апошнія тры гады лепшай філіяй (суполкай) БАЖ двойчы абіралі  віцебскую суполку БАЖ  (2015 і 2016 г.г., кіраўніца Алена Сцяпанава) і гомельскую гарадскую філію БАЖ (2017 г., кіраўнік Анатоль Гатоўчыц).

Сярод лепшых называліся таксама глыбоцкая суполка (кіраўніцаТаццяна Смоткіна) і магілёўская суполка БАЖ (кіраўнік Барыс Вырвіч).

Былі  адзначаныя дзейнасць гродзенскай суполкі БАЖ (кіраўніца суполкі Юлія Катаржынская)  — за арганізацыю і правядзенне фэста “БАЖынкі-2016” і  за рэалізацыю ў 2017 г. праектаў у сучасным фармаце; маладзечанская суполка БАЖ (кіраўніца Зоя Хруцкая), а таксама персанальна Таццяна Смоткіна, кіраўніца Глыбоцкай суполкі, і Алена Насковіч, кіраўніца Лунінецкай раённай філіі БАЖ — за ініцыятыўнасць і крэатыўнасць, пазітыўны падыход да справы, сумленную грамадскую працу.

 

Сайт

— У 2015 годзе сайт пераехаў на новую платформу, быў зменены дызайн сайта. Гэта зрабіла інтэрфейс больш простым і зразумелым карыстальнікам. Таксама з канца 2015 года была скарэктаваная рэдакцыйная палітыка. Калектыў сайта пачаў стала працаваць у сацсетках, больш шырока асвятляць падзеі, якія адбываюцца ў медыйнай сферы. Гэта пазітыўна паўплывала на дынаміку наведвальнасці сайта. А сацыяльныя сеткі,у прыватнасці Facebook, дазволілі пашырыць дыскусію і абмеркаванні сярод медыйнай супольнасці, — падвяла вынікі працы рэдактар сайту БАЖ Вольга Хвоін.

Колькасць карыстальнікаў сайта ў 2017 г. у параўнанні з 2015 г. вырасла на +99 %  (да 88 076), колькасць прагляду старонак — на +24 %. (да 335 960).

Аснову інфармацыйнага напаўнення сайта baj.by складае ўласны кантэнт (выключэннем з’яўляюцца рубрыкі “Замежжа”,  “Конкурсы і навучанне”, дзе вялікая колькасць запазычаных з іншых СМІ матэрыялаў). У сярэднім штодзень публікуецца каля пяці ўласных матэрыялаў у розных рубрыках. Таксама штодня сайт публікуе адзін уласны вялікі (галоўны) матэрыял.

 Таксама рэдакцыя мае намер зрабіць акцэнт на павелічэнне працы ў афлайн. Маюцца на ўвазе асветніцкія сустрэчы з цікавымі асобамі, публічныя дыскусіі. Гэта дазваляе не толькі ствараць інфанагоду, але і будаваць супольнасць, што важна для БАЖ як для грамадскай арганізацыі. Шэраг такіх сустрэч ужо адбыўся ў пачатку гэтага года, — падвяла вынікі працы Вольга Хвоін.

 

Часопіс “Абажур”

— У снежні 2018 года споўніцца 18 гадоў, як выйшаў першы нумар карпаратыўнага  часопіса “Абажур” (раней выдаваўся бюлетэнь “Чацвёртая ўлада”), — гаворыць галоўны рэдактар часопіса “Абажур” Уладзімір Дзюба.

Бажаўскі часопіс ёсць грамадска-палітычным выданнем — і, разам з тым, летапісам беларускай незалежнай журналістыкі, куды ўвайшлі сотні асабістых гісторый, тысячы радасных і сумных падзей, якія мы пражылі разам. Аднак галоўнымі тэмамі выдання застаюцца абарона правоў работнікаў СМІ, удасканаленне адпаведнай заканадаўчай базы, абмен вопытам і ўмацаванне партнёрскіх стасункаў з журналісцкімі саюзамі Украіны, Літвы, Польшчы, Швецыі, Нарвегіі, Даніі.

Апошнім часам змянілася канцэпцыя часопіса, у тым ліку з эканамічных прычын. Мы перайшлі на выданне спецыялізаваных выпускаў, прысвечаных, напрыклад, удасканаленню заканадаўства ў сферы СМІ, лічбавай бяспецы і асваенню новых тэхналогій, параўнанню беларускага вопыту развіцця медыяў і досведу нашых суседзяў і г. д. Тэматыка часопіса зарыентавана на прапанаваную БАЖ стратэгію развіцця беларускіх незалежных СМІ.

Наклад часопіса “Абажур” распаўсюджваецца падчас адукацыйных семінараў і ў Школах маладога журналіста. За мінулыя тры гады выйшла 11 нумароў часопіса, электронная версія ўсіх выпускаў размешчана на сайце БАЖ, — падвёў вынікі працы Уладзімір Дзюба.

 

Кампанія “Права на інфармацыю”

— Адстойванне права на атрыманне інфармацыі заўсёды было і застаецца адным з галоўных накірункаў працы БАЖ, — гаворыць прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі.

У 2015 і 2017 гадах прэс-служба БАЖ правяла два маштабныя апытанні журналістаў вядучых беларускіх СМІ на прадмет якасці працы прэс-службаў дзяржаўных ведамстваў і доступу да інфармацыі праз іх. Удзел у апытанні кожны раз бралі па 50 журналістаў медыя: “Наша Ніва”, “Комсомольская правда” в Белоруссии”, TUT.BY, БелаПАН, “Советская Белоруссия”, “Звязда” і шэрагу іншых. Калег прасілі ацаніць адкрытасць таго ці іншага ведамства для працы з журналістамі па дзесяцібальнай шкале.

Журналістаў прасілі ацэньваць толькі працу тых структур, з якімі яны непасрэдна працуюць. У выніковую табліцу для большай дакладнасці ўвайшлі толькі ведамствы, працу якіх ацанілі як найменш 10 прадстаўнікоў розных СМІ.

“Рэйтынгі закрытасці” паказалі існаванне сур’ёзнай праблемы з доступам да інфармацыі ў многіх ведамствах, часта непрафесійнасць і неадпаведнасць заканадаўству ў працы з журналістамі.

Вынікі апытання публікаваліся на сайце БАЖ, у часопісе “Абажур”, а таксама рассылаліся ў дзяржаўныя ведамствы.

Аналіз “Рэйтынгаў закрытасці” ад 2015 да 2017 года паказаў, што адмоўнымі лідарамі рэйтынгаў абодва разы аказваліся адны з важных у плане атрымання інфармацыі ведамстваў: ААЦ, КДБ, Міністэрства абароны, Міністэрства аховы здароў’я, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства інфармацыі. Разам з тым заўважаны і пазітыўныя змены.

Напрыклад, у 2015 годзе сістэма судоў Беларусі была, па меркаванні калег, на чацвёртым з канца месцы паводле магчымасці атрымання інфармацыі. На сёння ж сістэма судоў, на думку журналістаў, стала адной з найбольш адкрытых для атрымання інфармацыі, — сказаў Барыс Гарэцкі.

Таксама справаздачу з’езду далі сябра Кантрольна-рэвізійнай камісіі БАЖ Ірына Карамышава і старшыня Камісіі па этыцы БАЖ Анатоль Гуляеў.

Абарона фрылансераў

— Дзякуючы міжнароднай адвакацыйнай дзейнасці ў межах кампаніі "За фрыланс!" патрабаванне да беларускіх уладаў прызнасць журналістаў-фрылансераў на заканадаўчым узроўні было ўключана ў Рэзалюцыі Еўрапарламента па Беларусі ў 2016 і 2017 гадах, — далучыўся да выступленняў сябра Рады БАЖ Андрусь Клікуноў.

— Увага да праблемаў і выклікаў беларускіх журналістаў-фрылансераў у Еўропе надзвычай высокая. Варта заўважыць, што двойчы экспертная група па фрыланс-журналістыцы Еўрапейскай федэрацыі журналістаў збіралася ў Мінску, у знак салідарнасці з беларускімі журналістамі-фрылансерамі, у 2014 і 2017 гг.

З'езд і кіраўніцтва ЕФЖ неаднойчы аднагалосна прымаў заявы ў падтрымку беларускіх журналістаў-фрылансераў. Шведскія журналісты-фрылансеры падзяліліся практычным досведам паспяховае сучаснае фрыланс-журналістыкі з беларускімі калегамі на старонках выдання "Фрыланс у масмедыя: Швецыя — Беларусь" у 2017 годзе.

У знак падтрымкі пацярпелых беларускіх журналістаў-фрылансераў новаабранае кіраўніцтва Экспертнай групы па фрыланс-журналістыцы Еўрапейскай федэрацыі журналістаў прапанавала прысвяціць сёлетні міжнародны Дзень салідарнасці журналістаў на пачатку верасня беларускім журналістам-фрылансерам, — распавёў Андрусь Клікуноў.

Таксама перад прысутнымі выступілі Міхаіл Пастухоў, Зміцер Лукашук, Антон Сурапін і прадстаўнікі рэгіянальных філій і суполак БАЖ Алена Сцяпанава (Віцебск), Барыс Вырвіч (Магілёў), Таццяна Смоткіна (Глыбокае), Вольга Корсун (Гродна).