210 0

Беларуская АЭС: права на атам і жыццё

20.04.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У межах гродзенскага дыскусійнага клуба адбылася сустрэча, прысвечаная гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС і пабудове АЭС у Астраўцы. "Беларуская АЭС: права на атам і жыццё" — на гэту тэму выказаліся ліквідатары, эколагі, праваабаронцы, грамадскія актывісты і журналісты.

Актывіст-антыядзершчык і журналіст з Астравецкага раёна Мікалай Уласевіч лічыць, што ў першую чаргу праект пабудовы АЭС — гэта палітычны праект з веннай дамінантай. “Апроч пабудовы станцыі на Астравеччыне з’яўляюцца новыя вайсковыя часткі. Ужо створана адмысловая частка па ахове станцыі, паміж Варнянамі і Гервятамі ў хуткім часе з’явіцца радыёлакацыйная частка, а жыхары рэгіёна апынуцца пад падвойным выпраменьваннем — станцыі і радыёлакацыйных установак.

Ліквідатар з Мазыра Уладзімір Целяпун распавёў пра першыя антыядзенрыя мітынгі і дэманстрацыі. “Усё пачалося з антыядзерных пртэстаў ў Маскве, дзе мы нагадалі пра катастрофу, пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС. Пасля гэтага пратэсту быў створаны адмысловы камітэт, за які нам спачатку ўлады дзяквалі. Таксама яны казалі "дзякуй" і за акцыі ды маршы, але як прыйшоў Лукашэнка усё было забаронена”.

Адзін з арганізатараў сустрэчы сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімір Хілмановіч лічыць тэматыку сустрэчы надзвычай важнай цяпер:

— Галасы раздаюцца, што, маўляў, усё вырашана, няма пра што гаварыць, іншыя кажуць, што трэба радыкальна пратэставаць, а я лічу, што мы —  журналісты —  павінны пра гэта пісаць і гаварыць як мага болей, пакуль Астравецкая АЭС не стала фактам. Мы павінны пераконваць тых людзей, якія маюць нейкія ілюзіі. Ілюзіі пра тое, што ствараюцца працоўныя месцы. Якія працоўныя месцы? Віламі радыёнукліды адкідаць? Вельмі важна весці асветніцкую працу. Гэты праект, на шчасце, не скончаны і, калі пераменіцца геапалітычная сітуацыя, агульная сітуацыя ў краіне, то, дай Бог, каб ён быў скасаваны, замарожаны і не стаўся рэальнасцю. Таму важна ў любой форме падымаць гэтую праблему.

Журналіст Павал Мажэйка ўпэўнены, што на сустрэчах дыскусійнага клуба збіраюцца людзі актыўныя, сапраўдныя грамадзяне Беларусі:

— Улада хавае праўду пра тое, што адбываецца ў краіне, праўду пра рэальныя ўмовы пабудовы атамнай электрастанцыі ў Беларусі, рэальную патрэбу такой пабудовы. І людзі пачынаюць высвятляць гэтыя пытанні самастойна. У тым ліку і на такіх сустрэчах, куды прыяджаюць людзі, якія жывуць у гэтым рэгіёне і прыяджаюць людзі, якія ўжо сутыкаліся з атамнай энэргетыкай, якія сутыкалія з ліквідацыяй наступстваў аварыі на атамнай электрастанцыі. Такія сустрэчы — спосаб адчуць “нерв” грамадства, актуальнасць праблемы для грамадства, гэта той спосаб камунікацыі, якую абсалютна не хоча і не дазваляе сённяшняя ўлада.

Фота Аляксандра Саенкі

Каментары