1675

Беларускай асацыяцыі журналістаў — 25 гадоў!

16.09.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Увесь гэты час наша арганізацыя стаіць на варце правоў і інтарэсаў калег.

Мы з павагай і ўдзячнасцю ўзгадваем усіх, хто стаяў ля вытокаў БАЖ, — 38 асобаў, якія 16 верасня 1995 года заснавалі арганізацыю.

Сёння БАЖ — гэта больш за 1300 журналістаў, рэдактараў, фатографаў, юрыстаў і людзей іншых прафесій, якія робяць сапраўдную журналістыку. БАЖ — гэта абарона правоў, адукацыя, каманда медыяпрафесіяналаў, супольнасць калег і сяброў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў — сябра Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў, арганізацыі IFEX, сеткі “Рэпарцёраў без межаў”.

За 25 гадоў у нашай гісторыі былі і радасныя, і трагічныя дні.

Выйграныя судовыя працэсы, вызваленыя журналісты, маштабныя міжнародныя кампаніі. Але былі і забітыя і зніклыя калегі, месяцы і гады за кратамі, закрытыя і заблакаваныя выданні. Мы з болем і смуткам узгадваем усіх калег, хто пайшоў з жыцця за гэтыя гады.

Сённяшні дзень — не толькі для ўспамінаў. Цяпер у Беларусі ідзе вайна супраць журналістаў. Сілавікі затрымліваюць нашых калег, збіваюць, кідаюць за краты, ламаюць тэхніку і складаюць пратаколы.

У такіх умовах БАЖ вырашыў адмовіцца ад святкавання і прысвяціць гэты дзень калегам. Усім, хто быў незаконна затрыманы. Збіты. Асуджаны. У каго забралі ці зламалі тэхніку, заблакавалі сайт. Каму незаконна адмаўляюць друкаваць і распаўсюджваць газету. Кожнаму і кожнай, хто робіць сапраўдную праўдзівую журналістыку.

Мы ганарымся вамі, калегі!
Гэта ваш дзень!
БАЖ — 25 гадоў разам!

А свой юбілей Беларуская асацыяцыя журналістаў будзе святкаваць цэлы год. Цікавымі сустрэчамі і адукацыйнымі праграмамі, канферэнцыямі і вэбінарамі, у рэгіёнах і сталічных рэдакцыях. Разам з усёй краінай.

Па традыцыі БАЖ прапануе дасылаць віншаванні калегам на нашу пошту press@baj.by альбо размяшчаць у сацыяльных сетках з хэштэгам #БАЖ25РАЗАМ  — і мы апублікуем іх на нашым сайце.

 

Падтрымаць ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" добраахвотным ахвяраваннем на статутныя мэты грамадзянін Беларусі можа ТУТ

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!