190

“Беларусбанк” разблакаваў рахунак журналіста-фрылансера, раней заблакаваны з-за штрафаў

07.06.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Арышт на прыватны рахунак гомельскага журналіста-фрылансера Андрэя Толчына быў накладзены ў красавіку на патрабаванне аддзела прымусовага выканання Савецкага раёна Гомеля.

“Я сплаціў штрафы, і справу аб прымусовым спагнані грошай судовыя выканаўцы закрылі. Арышт з рахунку “Беларусбанк” зняў”, — паведаміў  карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Толчын.

Буйнымі сумамі журналіст-фрылансерАндрэй Толчын быў пакараны судамі на падставе міліцэйскіх пратаколаў нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў. Агульная сума штрафаў з улікам пені склала 3200 рублёў.

Тройчы фрылансера штрафавалі раённыя суды Гомельскай вобласці, 15 лютага Толчына аштрафаваў яшчэ і Лунінецкі раённы суд Брэсцкай вобласці  — за  мінулагодні рэпартаж пра  жорсткае забойства 8-месячнай дзяўчынкіўЛунінцы.

Да нядаўняга часу Андрэй Толчын здымаў відэасюжэты з Кастусём Жукоўскім. Яны размяшчалі здымкі на сваіх адкрытых старонках у YouTube, пасля гэтыя відэаматэрыялы выкарыстоўвалі розныя інфармацыйныя парталы, у тым ліку беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”, які транслюе перадачы з тэрыторыі Польшчы. Міліцыя і суды кваліфікавалі гэта як незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ – на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.

З прычыны пераследу фрылансер Жукоўскі сёлета ў студзені эміграваў з сям’ёй з Беларусі. Разам з Толчыным Жукоўскіўтрымліваў сумнае лідарства па колькасці і памерах адміністрацыйных штрафаў за незаконны выраб прадукцыі СМІ.

У траўні Камітэт па правах чалавека ААН  прыняў да разгляду скаргу фрылансера Андрэя Толчына на неабгрунтаваныя штрафы. Яго індывідуальнае паведамленне зарэгістраванае пад №3288/2019 і накіраванае беларускаму ўраду для атрымання каментару па пытаннях парушэння права на збор, захаванне і распаўсюд інфармацыі.

На міжнародным узроўні разглядаюццца таксама скаргі журналістаў-фрылансераў: Кастуся Жукоўскага, Ларысы Шчыраковай, Наталлі Крывашэй, Яўгена Меркіса з Гомеля, Тамары Шчапёткінай з Бярозы, Аляксандра Буракова з Магілёва.  Усе яны з’яўляюцца сябрамі ГА “БАЖ”, іх справы па даверанасці вядзе ў КПЧ ААН юрыст Леанід Судаленка.