3222

БелаПАН выступіў з заявай і будзе дубляваць навіны на Facebook-старонцы

05.10.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Рэгуляванне Байнэту

 

5 кастрычніка інфармацыйная кампанія БелаПАН выступіла з заявай з нагоды DDoS-атак на свае сайты. У сувязі з асабліва нестабільнай працай сайта naviny.by усе паведамленні кампанія будзе дубляваць на сваёй Facebook-старонцы і заклікае чытачоў падпісвацца на яе.

«3-га кастрычніка сервер БелаПАН, на якім размешчаныя сайты нашай інфармацыйнай кампаніі і інтэрнэт-газеты Naviny.by, якая належыць нам, падпаў пад масіраваную DDоS-атаку, якая працягваецца дагэтуль», - ­гаворыцца ў заяве кампаніі.  

«DDоS-атака распачалася пасля публікацыі ў інтэрнэт-газеце Naviny.by артыкулаў пра рэлігійна-палітычную акцыю “Малітва за Беларусь”. У іх крытыкаваліся метады яе арганізацыі, падаваліся меркаванні студэнтаў, якія «па разнарадцы» прыйшлі на мерапрыемства з удзелам кіраўніка дзяржавы. Мяркуем, што гэта аб’ектыўнае, не ва ўгоду ўладам, асвятленне і выклікала незадаволенасць ідэалагічных работнікаў, якія аддалі каманду зрабіць на нашы рэсурсы DDоS-атаку.

Расцэньваем гэта як грубы ціск на незалежны сродак масавай інфармацыі і парушэнне канстытуцыйных прынцыпаў свабоды слова і свабоды прэсы. Прычым адбываецца гэта ў часе выбарчай кампаніі. Такія факты павінныя ўлічвацца назіральнікамі пры ацэнцы ўмоваў, у якіх праходзяць выбары прэзідэнта Беларусі.

БелаПАН з'яўляецца афіцыйна зарэгістраваным сродкам масавай інфармацыі. У адпаведнасці з патрабаваннямі беларускага заканадаўства наш сервер знаходзіцца ў Беларусі, у дата-цэнтры дзяржаўнага манапаліста РУП «Белтэлекам». Мы патрабуем забяспечыць бяспечнае абслугоўванне нашых сайтаў і абарону ад любых замахаў на іх паўнавартасную працу».