325

БАЖаўцы з Гродна атрымалі адказ са Следчага камітэта

29.08.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналісты з Гродна, сябры ГА “БАЖ” атрымалі пісьмовы адказ з абласнога ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці.

Заява ў сілавыя ведамствы Гродзеншчыны была накіравана яшчэ 20 жніўня, у ёй сябры журналісцкай супольнасці  выказвалі абурэнне неабгрутваным гвалтам з боку міліцыі і сілавых ведамстваў супраць мірных жыхароў Гродна, які адбыўся з 9 па 11 жніўня 2020 года.

 

Адказ на зварот атрымаў рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота на адрас рэдакцыі. Паводле яго слоў, па змесце дакумент — гэта  “татальная адпіска”:

— Адказ зроблены максімальна абцякаемымі формамі пра тое, што канешне будзе дадзеная ацэнка і ва ўсім разбярэмся, але нуль канкрэтыкі.

Паведамляецца, што па пытаннях ад УУС і пракуратуры — чакайце адказу ад іх. Адзінае прыемна, што напісана па-беларуску.

Нагадаем, што ў першыя дні пасля прэзідэнцкіх выбараў у Гродне невядомымі ў масках былі гвалтоўна затрыманыя журналісты: Руслан Кулевіч (падчас затрымання зламалі абедзьве рукі), Ян Роман і Алесь Дзянісаў (збітыя), Вольга Камягіна (прыніжэнне чалавечай годнасці), а таксама Ігар Бублікаў, Іна Грышук, Аляксей Кайрыс, Сяргей Людкевіч і Аляксандар Саенка.

Цяпер журналістаў выклікаюць ва ўпраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці, а таксама ў пракуратуру горада.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!