983

БАЖаўцы з Гомеля і Мінска “вадзілі стралу” ў Веткаўскім раёне (фота)

13.06.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельская філія ГА “БАЖ” зладзіла для сябраў арганізацыі прэс-тур у вёску Стаўбун Веткаўскага раёну, дзе 9 чэрвеня праводзіўся старажытны традыцыйны абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы”. Гэты ўнікальны абрад беларусаў Пасожжа захаваўся найбольш поўна менавіта на Веткаўшчыне.

Па шляху ў Стаўбун удзельнікі прэс-туру спыняліся ў райцэнтры Ветка, дзе наведалі музей стараабарадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава – своеасаблівы запаведнік старажытных ікон, выдатна дэкараваных рукапісных фаліянтаў і непаўторных ручнікоў, вытканых мясцовымі майстрыхамі.Так супала, што журналісты наведвалі музей у адзін час з турыстамі з Нямеччыны.

У Стаўбуне ўдзельнікам прэс-туру давялося неадступна трымацца тутэйшага спеўнага гурту падчас, калі яны вялі ўздоўж вуліцы прамалінейны танок, хавацца разам ад моцнага дажджу ў сельскім доме культуры, здымаць на фота і відэкамэры ў мокрым жыце магічны карагод і качанне па зямлі, быць сведкамі пахавання на жытнёвым полі ў крыжападобных ямінках дробных абрадавых рэчаў, каб адводзілі ад вёскі “грамавыя стрэлы”.

Хоць і нельга нікому расказваць пра свае патаемныя жаданні і сакральныя абрадавыя прадметы, бабуля Ганна на радасць журналістам апавяла: – Лукашэнка яшчэ не даў нам сваіх капеек, дык я нейкую ленінскую ці сталінскую паклала ў зямельку. Даўнейшую. Баюся, што нас хутка новымі грашыма пакрыўдзяць – абяруць цэнамі ў крамах і на рынках. От, я і пажадала, каб жыццё не горшылася, здароўе было і мір быў на зямлі.

– Нічога падобнага нідзе не бачыла. Вельмі цікава. Лічу, што культурніцкія прэс-туры трэба ладзіць. У іх – гістарычная адметнасць нашых беларусаў, і пра гэта трэба распавядаць, – лічыць удзельніца творчай паездкі з Мінску Дзіяна Серадзюк.

Усе пяцёра ўдзельнікаў прэс-туру неўзабаве накіруюць у ГА “БАЖ” справаздачы пра свае публікацыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!