295

БАЖаўцы з Глыбокага прыбралі ад смецця месца былой польскай стражніцы «Каменны Воз»

02.09.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналісты прыбраліся на месцы польскай стражніцы «Каменны Воз» ля памятнага знака, дзе было знойдзена цела памежніка Паўла Палчынскага. Камандзір польскай стражніцы загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года, абараняючы мяжу ад савецкіх войскаў, якія наступалі. Па сведчаннях мясцовых жыхароў, ён дзве гадзіны трымаў абарону, знішчыўшы некалькі дзясяткаў чырвонаармейцаў.

Як кажа рэдактар газеты «Вольнае Глыбокае» Уладзімір Скрабатун, здавалася б, што гэта не наша гісторыя, але яна частка тых падзей, якія нас вельмі закранулі.

— Роўна 80 год таму Павел Палчынскі прыняў няроўны бой. Гэта не наша ўласная беларуская гісторыя, а гісторыя польскай дзяржавы. Але гэтыя падзеі адбываліся на нашай зямлі. Іх наступствы расцэньваюцца вельмі неадназначна, нават негатыўна.

Пасля прыходу савецкай улады пачаліся высылкі ў Сібір, дэпартацыі, шмат хто загінуў у лагерах смерці НКУС, у турме ў Беразвеччы альбо на так званай «дарозе смерці» з Беразвечча на Улу пры эвакуацыі турмы. І гэтыя падзеі закранулі наш край, таму мы тут, каб людзі памяталі, што свабода дастаецца часам у барацьбе. І гэты ўчынак Паўла Палчынскага — прыклад і для нас, беларусаў, як трэба змагацца за волю сваёй краіны і адстойваць яе незалежнасць.

Паводле кіраўніцы глыбоцкай суполкі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Таццяны Смоткінай, журналістыка шчыльна звязаная з гісторыяй, цікавымі і слыннымі людзьмі.

— Таму вельмі важна самім дакрануцца да гэтай гісторыі і разам з тым рабіць добрыя справы на карысць грамадства. Журналістам трэба таксама часам разам выязджаць на прыроду, працаваць, адпачываць, каб умацоўваць карпаратыўны дух і салідарнасць. Такія паездкі гэтаму добра спрыяюць. Думаю, што і надалей мы будзем ладзіць падобныя акцыі і працаваць разам не толькі па журналісцкай тэматыцы, але і на ніве грамадскай дзейнасці.

Падчас экалагічнай акцыі журналісты прыбралі смецце і ў лесе побач з былой заставай, а потым накіраваліся ў конную аграсядзібу былога географа Аляксея Серафімовіча. Ён распавёў ім пра свае экспедыцыі па вывучэнні азёр Беларусі, а таксама пра свае экалагічныя акцыі, якія яму даводзіцца ладзіць аднаму альбо са сваімі роднымі пасля адпачынку ў іх мясцовасці ля возера нядбайных турыстаў ці рыбакоў.

Напрыканцы журналісты зладзілі агульную вячэру ля вогнішча непадалёк ад возера Супонец і сядзібы Серафімовіча. Смецце за сабой, вядома, прыбралі.