НЕ - ВАЙНЕ!
1830

БАЖаўцы Віцебшчыны хочуць дапамагчы ў рэстаўрацыі помніка літары “Ў” у Полацку

14.04.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У некаторых недзяржаўных СМІ была размешчана інфармацыя, што Полацкі райвыканкам завёў рахунак для дабрачынных ахвяраванняў на рэстаўрацыю. Аднак нідзе ў афіцыйным друку рэквізіты рахунка не публікаваліся. А гэтая інфармацыя мусіць быць даступнай і публічнай, лічаць сябры ГА “БАЖ”.

“Каля тыдня таму на некаторых інтэрнэт-сайтах з’явілася інфармацыя, што ўнікальны помнік літары “Ў”, які ўжо некалькі год вымагае рэстаўрацыі, мясцовыя ўлады ўсё ж збіраюцца адрамантаваць. І што заведзены рахунак, на якім будуць акумулявацца сродкі на рэстаўрацыю. Паводле спецыялістаў, на гэта патрэбны не надта вялікія грошы – усяго каля 80 мільёнаў рублёў. Аднак незразумела, чаму рэквізіты рахунку засталіся таямніцай, чаму яны не апублікаваныя. Ініцыятыва тут, на мой погляд, павінна зыходзіць ад саміх мясцовых уладаў. Бо гэта яны ўжо некалькі год скардзяцца на недахоп бюджэтных грошай і гэтым тлумачаць немагчымасць рэстаўрацыі. Цяпер, калі справа нібыта зрушылася з месца, варта звярнуцца да ўсіх неабыякавых грамадзян Беларусі, кааб супольна вырашыць праблему”, – лічыць кіраўніца Віцебскай філіі ГА “БАЖ” Алена Сцяпанава.

Параіўшыся, журналісты вырашылі, што паспрыяць распаўсюду інфармацыі пра наяўнасць дабрачыннага рахунку можна двума шляхамі. Або звярнуцца ў Полацкі райвыканкам у якасці прадстаўнікоў розных выданняў, каб потым  апублікаваць атрыманую інфармацыю, або звярнуцца да полацкіх уладаў у якасці прыватных асобаў з просьбай  размясціць банкаўскія рэквізіты на афіцыйных інтэрнэт-сайтах і ў мясцовых СМІ.

Першыя звароты ад жыхароў Віцебска і Полацка ўжо накіраваныя. А пасля атрымання адказаў “бажаўцы” віцебскага рэгіёну гатовыя правесці збор ахвяраванняў у сваім прафесійным коле.

Пра тое, што ў Полацку пашкоджаны помнік, прысвечаны літары "Ў", які  знаходзіцца ў самым цэнтры горада, на праспекце Францыска Скарыны, стала вядома яшчэ ў 2014 годзе.

Помнік зроблены ў выглядзе сонечнага гадзінніка, а на пастаменце з сілуміну адлітыя радкі Рыгора Барадуліна: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, Ад Полацка пачаўся свет». Многія літары на скульптурнай кампазіцыі пашкоджаныя. Паводле розных версій, гэта маглі зрабіць або вандалы, або работнікі ЖКГ, якія ўзімку недастаткова ашчадна чысцілі помнік ад снегу і лёду, або літары праста раскрышаліся пад уздзеяннем прыродных ападкаў.

Так ці інакш, але з просьбай рэстаўраваць помнік да полацкіх уладаў неаднаразова звярталіся розныя грамадскія структуры, у тым ліку ГА “ТБМ” імя Францішка Скарыны. Пасля працяглай перапіскі актывістамі гэтай арганізацыі і быў нарэшце атрыманы адказ пра наяўнасць рахунка для збору сродкаў на рэстаўрацыю. Аднак “гаспадары” помніка чамусьці не парупіліся, каб заклікаць найбольш шырокую грамадскасць адрамантаваць помнік разам.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!