2860

БАЖаўцы ў рэгіёнах стаяць за журналістыку (ФОТА, АБНАЎЛЯЕЦЦА і ДАПАЎНЯЕЦЦА)

06.11.2014 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Слонім, Віцебск, Брэст, Магілёў, Гродна, Бабруйск, Лунінец, Горкі, Бялынічы і іншыя гарады Беларусі ўжо далучыліся да сусветнай кампаніі "Станем за журналістыку!"

Слонім

Сябры ГА "БАЖ" са Слоніма падтрымалі кампанію "Станем за журналістыку". Раніцай 5 лістапада журналісты спусцілі на ваду "перадузятасць, надуманасць, несвабоду", якія апошнім часам усё больш пераследуюць нашых сталічных і рэгіянальных калег. "Верым, што ў хуткім часе ўсё зменіцца да лепшага!", – кажуць слонімцы.

 

Гомель

Гомельскія сябры ГА “БАЖ” 5 лістапада, у дзень правядзення ўсясветнай кампаніі “Станем за журналістыку”, прыйшлі ў офіс грамадскіх арганізацый на вуліцу Палескую, каб падтрымаць калег – фрылансераў Міколу Бянько і Юлю Сівец, якім сёлета ў сакавіку Гомельская абласная пракуратура вынесла афіцыйныя папярэджанні.

Юля абскарджваць папярэджанне не стала, бо была занята больш важнай справай – нарадзіла сыночка. А Мікалай, атрымаўшы адмову з Генеральнай пракуратуры на адмену папярэджання, падаў пазоў у суд Цэнтральнага раёну. Аднак суддзя Марына Дамненка адхіліла яго, заявіўшы, што тэрмін для абскарджвання прапушчаны.

“З юрыстам ГА “БАЖ” Леанідам Судаленкам мы падалі касацыйную  скаргу ў абласны суд, – кажа Мікалай Бянько. – Мінула ўжо амаль два месяцы, а суддзя Дамненка так і не прызначыла разгляду  касацыйнай скаргі ў абласным судзе. Яна нам нават не даслала матывавальнай часткі рашэння на адмову разгляду майго пазову на адмену папярэджання. Мы звярнуліся з лістом па тлумачэнні да старшыні суда Цэнтральнага раёна Рыгора Дзмітрэнкі,  але адказу пакуль таксама не атрымалі. Магчыма, таму, што папярэджанне абсалютна беспадстаўнае з прававога гледзішча”.

Гомельскія журналісты вырашылі аднавіць публікацыі наконт пераследу калегі Бянько і падрабязна расказаць пра судовыя перыпетыі абскарджвання афіцыйнага папярэджання пракуратуры.

 

Віцебск

Віцебскія БАЖаўцы выпускалі з клетак вольных птушак прэсы і фатаграфаваліся на фоне свайго любімага гарадскога графіці.

Пра тое, што 5 лістапада ва ўсім свеце праводзіцца акцыя "Станем за журналістыку", жыхары Віцебска маглі даведацца і ад вядомага распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайды. Сябры ГА “БАЖ” падрыхтавалі інфармацыю пра гэтую ініцыятыву Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў, а таксама пра тое, што для беларускай незалежнай журналістыкі самай надзённай праблемай сталі пакаранні за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ. (У Віцебску з гэтай нагоды траім журналістам таксама былі вынесены папярэджанні абласной пракуратуры.)

Віцебскія мінакі разглядалі інфармацыйны плакат, прымацаваны побач з выданнямі, якія распаўсюджвае Барыс Хамайда, а журналісты тым часам сфатаграфаваліся каля зачыненага на рэканcтрукцыю будынка раённага Дома культуры. Да журналістаў далучыліся і віцебскія актывісты – сябры аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Таццяна Севярынец і Алена Шабуня.

Месца для фотасесіі было абрана невыпадкова: на будынку РДК ёсць графіці, якое шмат хто ў Віцебску лічыць мастацкім увасабленнем лёсу сучаснай вольнай прэсы. На сцяне намаляваныя тры клеткі, а скрозь краты прарываецца і ўрэшце ляціць на волю птушка, зробленая з газеты.

Падобных птушак-арыгамі нарабілі і віцебскія БАЖаўцы, вырашыўшы працягнуць тэму, якую закранулі  мастакі-графіцісты. Рэквізітам для фотасесіі сталі і стылізаваныя папяровыя клеткі  - як увасабленне ціску на журналістаў, якіх імкнуцца зрабіць паслухмянымі і паднявольнымі. Журналісты сфатаграфаваліся, "выпускаючы" за папяровыя краты вольных газетных птушак. А напрыканцы былі ўшчэнт разарваныя і самі клеткі.

 

Брэст

Сябры Брэсцкай філіі ГА “БАЖ” далучыліся да кампаніі “Станем за журналістыку!”, што ладзіцца 5 лістапада з ініцыятывы Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ).

Апошнім часам да шэрагаў сябраў ГА “БАЖ” у Брэсце далучылася шмат маладых журналістаў-фрылансераў, а таму прапанова зрабіць сёлета акцэнт падчас кампаніі на праблемы, з якімі сутыкаюцца гэтыя калегі, вельмі актуальныя. Размова ідзе, перш за ўсё, аб прыцягненні фрылансераў да адказнасці паводле артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

– Калі раней падчас кампаній “Станем за журналістыку!” мы выказвалі маральную падтрымку калегам з іншых рэгіёнаў ці, напрыклад, часопісу “ARCHE”, рэдакцыя якога зведала ціск з боку уладаў, дык зараз такая журналісцкая салідарнасць патрэбная ўжо і сябрам нашай філіі, – адзначыў кіраўнік Брэсцкай філіі ГА “БАЖ” Алег Супрунюк.

– Сярод “пацярпелых” журналістаў ёсць і два фрылансеры з Брэста – Яўген Скрабец і Максім Хлябец. А літаральна днямі абвінавачванне паводле артыкула 22.9 КаАП вылучанае і ў дачыненні да Аліны Літвінчук.

Сярод тых, хто далучыўся да “Станем за журналістыку!” -  рэдактар незалежнай газеты “Брестский курьер” Мікалай Аляксандраў, супрацоўнікі гэтага выдання Валерый Малочнікаў, Наталля Пармон, Аляксандр Мікрукоў і Любоў Аляксандрава, фрылансеры Валерый Цапкоў і Ігар Набойчанка.

Некаторыя плакаты адмыслова напісаныя на "трасянцы", каб падкрэсліць "непісьменнасць" выстаўленых журналістам абвінавачанняў.

Рэдакцыя "Брестской газеты" таксама падтрымала кампанію "Станем за журналістыку!". На фота – рэдакцыя "Брэсцкай газеты": Валянціна Аўсянік (адказны сакратар), Таццяна Гапеева (журналіст), Віктар Марчук (галоўны рэдактар), Таццяна Піскур (намеснік), Ала Кавалёва (журналіст)

 

Магілёў

Магілёўскія журналісты таксама падтрымалі міжнародную кампанію.

 

Гродна

Гарадзенскія журналісты падтрымалі міжнародную кампанію. 

Адгукнулася нават гарадзенка Наталля Макушына, якая жыве і працуе ў Аўстрыі:

Некаторыя плакаты адмыслова напісаныя на "трасянцы", каб падкрэсліць "непісьменнасць" выстаўленых журналістам абвінавачанняў.

Анатоль Макушын: “Калі мы працавалі ў газеце “Биржа информации”, зачыненай па надуманых прычынах, мы выйшлі з акцыяй у падтрымку журналістаў газеты “Пагоня” Паўла Мажэйка і Міколы Маркевіча. Выйшлі з плакатамі “У Горадні судзяць журналістаў”. Прайшло 13 гадоў, і дагэтуль нічога не змянілася. Дагэтуль мы не атрымалі сваёй гарантаванай Канстытуцыяй свабоды...”

Андрэй Мялешка: “Салідарнасць з калегамі, якіх выклікаюць у суды, даюць пракурорскія папярэджанні за прафесію, за іх штодзённую працу, вельмі важная – вада, як кажуць, камень точыць. Маю надзею, што такую абсурдную рэч, як абавязковая акрэдытацыя, у Беларусі ўсё ж адменяць, і можна будзе нармальна працаваць”. 


 

Бабруйск

Напярэдадні, 2 лістапада, бабруйскія БАЖаўцы правялі сустрэчу, на якой прыгадалі асноўныя падзеі адыходзячага года. У прыватнасці –  рэпрэсіі, ужытыя нядаўна да бабруйскай журналісткі Марыны Маўчанавай.

25 верасня мясцовы суд прыгаварыў яе да буйнога штрафу за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі». А менавіта – за публікацыю тэкставага матэрыяла на сайце «Белсат». Днямі магілёўскі суд пакінуў гэтае рашэнне ў сіле.

«Мы бачым, а цяпер ужо і адчуваем, як рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў кожны год толькі ўзмацняюцца. Але наш прынцып – рабі, што трэба, і няхай будзе, што будзе. На тым і стаім», – адзначыў на сустрэчы журналістаў галоўны рэдактар ​​«Бобруйского курьера», лідар мясцовых БАЖаўцаў Анатоль Санаценка.

Абмеркаваўшы бягучыя справы і мерапрыемствы, незалежныя бабруйскія журналісты зняліся «на памяць» з тэматычнымі плакатамі ў руках у працяг кампаніі цэнтральнага офіса ГА “БАЖ”: «Друкаваўся на замежных сайтах», «Здымаўся на замежнай тэлебачанні», «Выступаў на замежным радыё» і гэтак далей.

(Фота Віктара Масаловіча):

 

Бялынічы

Каардынатар магілёўскіх БАЖаўцаў Барыс Вырвіч (на фота ўнізе) таксама падтрымаў кампанію. Дарэчы, менавіта 5 лістапада магілёўскі журналіст Алесь Буракоў падае касацыйную скаргу ў Магілёўскі абласны суд на рашэнне суда першай інстанцыі, што пакараў яго штрафам у 6 мільёнаў рублёў.    

 

Горкі

У Горках падтрымку калегам выказала галоўная рэдактарка газеты "УзГорак" Галіна Будная:

 

Лунінец

Прадстаўнікі філіі – супрацоўнікі рэдакцыі сайта «Медиа-Полесье» и агенцтва «Идея-Фикс» -  зрабілі апытанне сярод гараджан наконт сённяшняй кампаніі, распавялі пра затрыманні, парушэнні правоў журналістаў у краіне.

“Людзі на вуліцы пагаджаліся, што наша прафесія небяспечная, шчыра дзякавалі за працу”, - канстатуе старшыня Лунінецкай філіі ГА “БАЖ” Святлана Гарда.

Супрацоўнікі газеты «Информ-прогулка», сябры ГА «БАЖ» на рэдакцыйнай лятучцы 3 лістапада таксама падтрымалі кампанію «Станем за журналістыку».