2060

БАЖаўцы павіншавалі Святлану Алексіевіч

08.10.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

 

Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў павіншавалі беларускую пісьменніцу Святлану Алексіевіч з атрыманнем Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

8 кастрычніка экс-старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна, намесніца старшыні Аліна Суравец, сябра праўлення Таццяна Мельнічук разам з некалькімі дзясяткамі беларускіх і замежных журналістаў сустракалі Святлану Алексіевіч каля рэдакцыі “Нашай Нівы” перад прэс-канферэнцыяй з нагоды атрымання ўзнагароды.

Святлана прыехала на сустрэчу разам з амбасадарам Швецыі і, убачыўшы калег, адразу ж выйшла з машыны. Яе тут жа абкружыў натоўп журналістаў з камерамі і мікрафонамі.

– Я неверагодна рада за Святлану як за творцу, за пісьменніка, за чалавека, – распавяла ў гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ” Жанна Літвіна. – Рада яшчэ і таму, што высокая міжнародная ўзнагарода знайшла чалавека, якому ў Беларусі даводзіцца сустракацца з чытачамі ў маленькіх закутках, хаця яе творы перакладаюць на дзясяткі моваў свету... 

Для мяне асабіста Святлана – тонкі знаўца чалавечай натуры. Кожны яе радок штурхае да глыбокага роздуму. Яна ўмее закрануць самыя адчувальныя струны, падняць самыя глыбокія пласты чалавечай душы. Прымушае сваіх чытачоў асэнсоўваць тое, што яны  дагэтуль успрымалі інтуітыўна, не да канца ўсведамляючы...   

Шмат гадоў таму мне пашчасціла быць у Германіі разам з Валянцінам Тарасам і Святланай Алексіевіч – было шмат сустрэч з грамадскасцю, з чытачамі. Але мне найбольш запомніліся якраз вольныя ад сустрэч гадзіны, калі пачыналі размаўляць два інтэлектуалы. І ў мяне як у адзінага шчаслівага слухача гэтых дыялогаў было адзінае жаданне – не парушыць гэтай гарманічнай плыні думак і проста слухаць, слухаць...

Святлана Алексіевіч у рэдакцыі «НН» ВІДЭА АНЛАЙН
 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!