412

БАЖ рашуча асуджае рашэнне суда па справе журналісткі Кацярыны Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна

02.03.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

ГА "Беларуская асацыяцыі журналістаў" рашуча асуджае рашэнне суда па справе журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч і доктара Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі горада Мінска Арцёма Сарокіна. Іх прызналі вінаватымі ў разгалошванні медыцынскай таямніцы (частка  3 артыкула 178 —  «Разгалашэнне медыцынскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы»).

Журналістка Кацярына Барысевіч пакараная пазбаўленнем волі на шэсць месяцаў калоніі, таксама яна мусіць заплаціць 100 базавых велічынь штрафу. Па словах адвакатаў Кацярыны Барысевіч, з улікам таго часу, якое Кацярына правяла ў СІЗА, на свабоду яна выйдзе крыху больш чым праз два месяцы.

Доктар Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі горада Мінска Арцём  Сарокін асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і штрафу ў 50 базавых велічынь. Яго вызвалілі ў зале суда.

Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, сведкі і адвакаты звязаныя падпіскай аб неразгалошванні.   

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала журналістку Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна, арыштаваных па справе Рамана Бандарэнкі, вязнямі сумлення.

Мы лічым прысуд палітычна матываваным, яго мэта — застрашыць усіх супрацоўнікаў медыя, каб яны не выконвалі свае прафесійныя абавязкі па асвятленню грамадска значных падзей у краіне, што па сутнасці вядзе да забароны на прафесію.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звяртае ўвагу, што свабода выказвання меркавання і права на распаўсюд інфармацыі гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававымі абавязацельствамі дзяржавы (у прыватнасці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 19).

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў" патрабуе:

- Перагляду судовай пастановы па справе Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна;

- Вызваліць журналістку Кацярыну Барысевіч з-пад варты;

- Спыніць пераслед журналістаў і медыя ў краіне.

Заклікаем беларускую і міжнародную грамадскасць падтрымаць гэтыя патрабаванні.

Праваабаронцы прызналі Кацярыну Барысевіч, Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову палітычнымі вязнямі

«Прывітанне, мамачка! Ці трымаеш свае ножкі ў цяпле?»: ліст у СІЗА ад дачкі да Кацярыны Барысевіч

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!