216

БАЖ прыняў удзелу з’ездзе Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Яна заступілася за беларускіх калег

15.05.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Беларуская асацыяцыя журналістаў узяла ўдзел у Агульным сходзе (з’ездзе) Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ), які прайшоў у Таліне. Больш за 90 удзельнікаў — дэлегатаў і назіральнікаў з 49 арганізацый-сябраў у 36 краінах — прынялі ўдзел у з’ездзе федэрацыі.

Удзельнікі з’езду абмеркавалі вялікае кола пытанняў, датычнае працы калег у еўрапейскім рэгіёне, а таксама абралі новых сябраў кіруючага камітэта і прынялі праграму працы EFJ на наступныя тры гады.

Галоўным прыярытэтам працы арганізацыі застаюцца ўмовы працы і правы журналістаў у рэгіёне. У гэтым ключы гучыць і заява з’езду EFJ адносна статуса журналістаў-фрылансераў у Беларусі і пераследу калег за супрацоўніцтва з замежнымі медыя без акрэдытацыі.

Заява EFJ аб пастаянным моцным ціску на журналістаў-фрылансераў у Беларусі

Прапанаваная Беларускай асацыяцыяй журналістаў (Беларусь) і журналісцкімі асацыяцыямі SNJ-CGT, SNJ, CFDT (Францыя).

Фактычная адмова беларускіх уладаў прызнаць існаванне журналістаў-фрылансераў, якія не супрацоўнічаюць на пастаяннай аснове з якім-небудзь канкрэтным медыя, з'яўляецца сур'ёзнай праблемай.

Сітуацыя асабліва цяжкая для фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя, бо іх існаванне не згадваецца ў беларускім заканадаўстве. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі” , “журналіст СМІ”  павінен быць звязаны з рэдакцый праз працоўныя ці іншыя дамоўныя адносіны. Такім чынам, журналісты-фрылансеры не маюць права на атрыманне абавязковай акрэдытацыі ад Міністэрства замежных спраў для працы ў краіне.

Разам з тым журналістаў-фрылансераў рэгулярна пераследуюць за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў без акрэдытацыі.

З красавіка 2014 года фрылансеры, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя, 247 раз былі прыцягнутыя да адказнасці за парушэнне артыкула 22.9 КаАП Беларусі. Агульная сума штрафаў перавысіла 85 тысяч еўра. Большасць штрафаў былі накладзеныя ў апошнія гады. У прыватнасці, журналісты-фрылансеры атрымалі штрафаў на больш 43 000 еўра за выкананне прафесійных абавязкаў у 2018 годзе і больш 5 000 еўра ў першым квартале 2019 года.

Такі пераслед за распаўсюд інфармацыі ў замежных медыя з'яўляецца грубым парушэннем стандартаў свабоды слова і парушэннем працоўных правоў журналістаў.

Агульны сход EFJ:

- даручае Кіруючаму камітэту EFJ выказаць салідарнасць з журналістамі-фрылансерамі ў Беларусі і падтрымаць барацьбу Беларускай асацыяцыі журналістаў за роўнасць правоў усіх журналістаў у ажыццяўленні іх прафесійнай дзейнасці;

- заклікае беларускія ўлады паважаць свабоду слова і працоўныя правы журналістаў-фрылансераў і неадкладна спыніць ціск на самазанятых журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ. У прыватнасці, адмовіцца ад выкарыстання артыкула 22.9 КаАП для накладання несправядлівых штрафаў, парушэння правоў журналістаў-фрылансераў і неапраўданай забароны свабоды СМІ.

- заклікае структуры Савета Еўропы, АБСЕ і Еўрапейскага саюза звярнуць пільную ўвагу на рост пастаянных грубых парушэнняў свабоды слова ў Беларусі, звязаных з дзейнасцю журналістаў-фрылансераў і прыняць меры па выпраўленні сітуацыі.

Нагадаем, Еўрапейская федэрацыя журналістаў — рэгіянальная арганізацыя Міжнароднай федэрацыі журналістаў, сябрам якой БАЖ з’яўляецца з 1997 года.