883

БАЖ праінфармаваў міжнародныя арганізацыі пра сітуацыю з затрыманым журналістам «КП» в Беларуси»

04.10.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Беларуская асацыяцыя журналістаў праінфармавала Міжнародную і Еўрапейскую федэрацыю журналістаў, а таксама шэраг журналісцкіх і міжнародных інстытутаў пра сітуацыю з затрыманнем журналіста газеты «Комсомольская правда» в Беларуси» Генадзя Мажэйкі.

Як і ў выпадку са зняволенымі на дадзены момант іншымі 28-мю прадстаўнікамі іншых медыя, БАЖ патрабуе неадкладнага вызвалення Генадзя Мажэйкі. На думку арганізацыі, затрыманне журналіста з’яўляецца чарговай атакай на свабоду слова ў краіне, недапушчальнай сілавой аперацыяй супраць нашага калегі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама патрабуе неадкладнага аднаўлення доступу да заблакаванага ўладамі сайта «Комсомольской правды» в Беларуси» і сайтаў іншых заблакаваных выданняў.

БАЖ здзіўлены пазіцыяй праўладнага саюза журналістаў, які раней часта дэклараваў салідарнасць з Расійскім саюзам журналістаў (РСЖ). Цяпер жа, калі РСЖ патрабуе вызваліць беларускага журналіста, праўладны БСЖ цытуе на сваім сайце выказванне прапагандыста Вадзіма Гігіна пра тое, што ў гісторыі «Комсомольской правды» в Беларуси» пастаўлена кропка.

Беларуская асацыяцыя журналістаў працягвае патрабаваць вызвалення Генадзя Мажэйкі ды іншых 28-мі прадстаўнікоў медыя, якія знаходзяцца ў няволі.

Нагадаем, журналіста «Комсомольской правды» в Беларуси» Генадзя Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Мінску. Пра гэта паведаміла «КП» са спасылкай на маці журналіста.

Паводле яе слоў, 1 кастрычніка ў кватэры Генадзя па месцы жыхарства на працягу дзвюх з паловай гадзін супрацоўнікі КДБ праводзілі ператрус. У пастанове на вобшук былі пазначаныя артыкулы 130 і 369 Крымінальнага кодэкса — аб распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы і абразе прадстаўніка ўлады.

29 верасня пасля выхаду матэрыялу пра Андрэя Зельцара Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала доступ да сайта kp.by. Згодна з каментаром ведамства, такое рашэнне прынятае ў сувязі з тым, што выданне абнародавала інфармацыю, «якая садзейнічае фармаванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!