НЕ - ВАЙНЕ!
596

БАЖ патрабуе адмяніць прысуд Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко і неадкладна іх вызваліць

15.03.2022

Заява Беларускай асацыяцыі журналістаў з нагоды прысуду Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко

15 сакавіка 2022 года суддзя Заводскага раёна г. Мінска Анжэла Касцюкевіч асудзіла галоўнага рэдактара “Нашай Нівы” Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу “Нашай Нівы” Андрэя Скурко да двух с паловай гадоў пазбаўлення волі кожнага.

Нашых калег адправілі за краты паводле абсурднага абвінавачання ў «нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры» на падставе ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса. Журналісты сваю віну не прызналі.

Мы перакананыя, што сапраўднай падставай крымінальнага пераследу Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне працы аднаго з вядучых недзяржаўных медыя.

Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітычнымі вязнямі.

Нагадаем, што у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, амаль усе незалежныя газеты вымушаныя былі спыніць выхад, 30 журналістаў і супрацоўнікаў медыясектара беларускі рэжым трымае ў зняволенні.

Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе:

адмены вынесенага прысуду, вызвалення Ягора Марціновіча, Андрэя Скурко і астатніх 28 зняволеных прадстаўнікоў медыя;

адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання;

неадкладнага спынення рэпрэсій супраць журналістаў і медыя ў краіне.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!