2767

БАЖ нагадаў новаму кіраўніку Следчага Камітэта пра справы Завадскага, Чаркасавай, Бябеніна і Гроднікава

23.11.2012 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Гучныя справы

Напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з беспакаранасцю злачынстваў супраць журналістаў ГА “БАЖ” даслала старшыню Следчага Камітэта РБ Валянціну Шаеву афіцыйны ліст.

“За апошнія 12 гадоў мы маем як нераскрытыя справы аб забойствах журналістаў, так і справы, у якіх нібыта пастаўлена кропка, але якія пакідаюць шмат пытанняў без адказаў”, – піша арганізацыя і нагадвае пра знікненне Дзмітрыя Завадскага, забойства Веранікі Чаркасавай, а таксама загадкавыя абставіны смерцяў Алега Бябеніна і Васіля Гроднікава.

“Пасля стварэння Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь расследаванне такога кшталту спраў перайшло ў кампетэнцыю кіраванай Вамі ўстановы”, – гаворыцца ў лісце. 

Таму ГА “БАЖ” просіць Следчы Камітэт:

— Аднавіць расследаванне крымінальных справаў па фактах забойства Дзмітрыя Завадскага і Веранікі Чаркасавай. Даць сваякам, калегам і грамадству адказы на пытанні — хто забіў журналістаў і хто з’яўляецца заказчыкамі гэтых злачынстваў;

— Правесці дадатковае празрыстае расследванне абставін смерці Алега Бябеніна і Васіля Гроднікава.

“Беспакаранасць знікненняў, забойстваў і замахаў на журналістаў непазбежна спараджае атмасферу страху сярод прадстаўнікоў беларускіх СМІ і дае магчымасць злачынцам адчуваць уседазволенасць”, – рэзюмуе арганізацыя.