464

БАЖ — лаўрэат Нацыянальнай прэміі Украіны за абарону свабоды слова імя Ігара Лубчанкі ФОТА

27.11.2021 Крыніца: Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў

Беларуская асацыяцыя журналістаў стала лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону свабоды слова імя Ігара Лубчанкі. Такое рашэнне прыняў сакратарыят Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны. Цырымонія ўзнагароджання адбылася  ў офісе НСЖУ у Кіеве. Узнагароду намесніку старшыні БАЖ Барысу Гарэцкаму ўручыў старшыня НСЖУ Сяргей Таміленка.

Рашэнне уручыць Нацыянальную прэмію за абарону свабоды слова імя шматгадовага старшыні НСЖУ Ігара Лубчанкі вядучай беларускай журналісцкай арганізацыі, якая апынулася пад рэпрэсіями на радзіме, з'яўляецца праявай салідарнасці і падтрымкі з боку ўкраінскіх калег. Гэта адзначыў старшыня НСЖУ Сяргей Таміленка.


«За апошні год незалежныя беларускія журналісты падвяргаліся і падвяргаюцца грубаму ціску ўлады, сотні калегаў сталі ахвярамі збіцця і рэпрэсій, дзясяткі адпраўленыя за краты. Беларуская асацыяцыя журналістаў салідарная з рэпрэсаванымі калегамі, таму рэжым Лукашэнкі пераследуе кіраўніцтва БАЖ і пазбавіў арганізацыю рэгістрацыі. Калегі з Беларусі зʼяўляюцца прыкладам для ўсіх украінскіх журналістаў, як трэба змагацца за свае правы, як быць верным каштоўнасцям свабоды слова і нашай прафесіі», — падкрэсліў кіраўнік НСЖУ ў сваім выступе.

Цяпер БАЖ пад кіраўніцтвам Андрэя Бастунца працягвае сваю дзейнасць у выгнанні — на тэрыторыі Украіны, Літвы, Польшчы, Грузіі. Сотні беларускіх журналістаў разам з сем'ямі з'ехалі з краіны.

У Кіеве дзейнасць БАЖ каардынуе намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Акрамя таго, прэмію імя журналіста Паўла Шарамета ўручылі ў Кіеве журналісту «Радыё Свабода» Міколу Семену з Крыма.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!