874

БАЖ абновіць «Рэйтынг адкрытасці» дзяржаўных органаў для СМІ

06.07.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” абновіць «Рэйтынг адкрытасці» асноўных дзяржаўных органаў і арганізацый для прадстаўнікоў медыя.

У 2013 і 2015 гадах арганізацыя ўжо праводзіла такія даследаванні. Прадстаўнікі грамадскага аб’яднання апытвалі дастатковую колькасць журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ і прасілі іх выставіць кожнаму ведамству адзнаку ў адпаведнасці з тым, наколькі лёгка ім атрымліваць неабходную інфармацыю. Тады найбольш закрытымі для СМІ журналісты назвалі Мінінфармацыі, Мінпрацы і Міністэрства аховы здароў’я.

— Ідэя правядзення даследавання ўзнікла з-за вялікай колькасці нараканняў калег на працу дзяржаўных органаў. Падобныя скаргі чутныя ў журналісцкай супольнасці амаль кожны дзень.

Каб пазбегнуць недакладнасцяў, мы просім калег ацэньваць працу толькі тых ведамстваў, з якімі журналіст непасрэдна працуе. Пакуль апытанне тычыцца ведамстваў рэспубліканскага ўзроўню, але ў будучыні мы плануем зрабіць і падобныя рэгіянальныя рэйтынгі, — гаворыць прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі.

Калі Вы хочаце прыняць удзел у апытанні, напішыце нам пра гэта на press@baj.by.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!