568 0

Бастунец і Радзявічус дамовіліся пра супрацоўніцтва журналісцкіх арганізацый

16.08.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец і старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус абмеркавалі ў Вільнюсе пытанні супрацоўніцтва журналісцкіх арганізацый Літвы і Беларусі.

Кіраўнікі журналісцкіх арганізацый дамовіліся ў бліжэйшы час правесці параўнальны аналіз заканадаўства аб СМІ ў суседніх краінах, практыкі яго прымянення, а таксама падзяліцца досведам працы органаў самарэгулявання ў Літве і Беларусі.

"З пункту гледзішча дзяржаўнага рэгулявання дзейнасці медыяў у нашых краінах усё нібыта зразумела: Беларусь ва ўсіх рэйтынгах і індэксах па свабодзе выказвання меркавання займае апошнія месцы, Літва нас значна апярэджвае. Але гэта толькі агульнае ўражанне, і мы збіраемся правесці сваеасаблівую праверку гэтай аксіёмы — эксперты з абодвух бакоў адкажуць на аднолькавыя пытанні, якія дапамогуць зразумець розніцу ў галіне СМІ паміж бліжэйшымі суседзямі.  Яшчэ больш цікавым выглядае параўнанне досведу, паўнамоцтваў і ўмоваў працы каміссі па этыцы БАЖ і органаў журналісцкага самарэгулявання Літвы. Апошнім часам як пытанні прафесійнай этыкі, так і рашэнні камісіі па этыцы БАЖ па асобных кейсах выклікаюць спрэчкі ў журналісцкай супольнасці і нават за яе межамі. Спадзяюся, што вынікі даследвання будуць прадстаўленыя ўжо восенню," — гаворыць Андрэй Бастунец.     

Для даведкі, паводле Сусветнага індэкса свабоды слова "Рэпарцёраў без межаў" (RSF), Беларусь знаходзіцца на 153-м месцы з 180-ці.

На постсавецкай прасторы, паводле даследавання, лепш за ўсё справы са свабодай прэсы ў Эстоніі (12 месца). Латвія — 28-я, Літва — 36-я

Каментары