921

Барысаўскі райвыканкам даў тлумачэнні на запыт аб парадку акрэдытацыі журналістаў

26.04.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Толькі з трэцяга разу Барысаўскі райвыканкам даў разгорнутыя тлумачэнні на зварот кіраўніка мясцовай суполкі ГА “БАЖ” Аляксандра Зянкова аб парадку акрэдытацыі журналістаў.

Першы зварот, накіраваны старшынёй журналісцкай суполкі на адрас выканкама праз рубрыку на афіцыйным сайце, застаўся без адказу. Другі раз А. Зянкоў накіраваў зварот поштай. У адказе на яго намеснік старшыні райвыканкама Л. М. Вароніч патлумачыў, што “акрэдытацыя журналістаў сродкаў масавай інфармацыі ў Барысаўскім раёне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”. Ніякіх дадатковых тлумачэнняў адказ чыноўніка не ўтрымліваў. Аляксандр Зянкоў палічыў, што яго зварот застаўся без разгляду па сутнасці і пакінуў скаргу ў кнізе заўваг і прапаноў Барысаўскага райвыканкама, запатрабаваўшы даць адказ па сутнасці зададзенага пытання.

У адказе на скаргу Л. Вароніч паўтарыў, што “акрэдытацыя журналістаў сродкаў масавай інфармацыі ў Барысаўскім раёне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”. Таксама ён дадаў, што пры неабходнасці акрэдытацыі журналістаў пры Барысаўскім райвыканкаме ствараецца адпаведнае палажэнне аб парадку акрэдытацыі.

“У выпадках адсутнасці вышэйназванага палажэння журналісты сродкаў масавай інфармацыі ажыццяўляюць сваю прафесійную дзейнасць у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”, — піша чыноўнік раённай адміністрацыі.

З адказу Л. Вароніча нельга зрабіць дакладнай высновы пра наяўнасць або адсутнасць пры Барысаўскім райвыканкаме палажэння аб парадку акрэдытацыі журналістаў СМІ. Таксама не зразумела, ці то ствараецца такое палажэнне кожны раз “пры неабходнасці акрэдытацыі журналістаў”, ці то райвыканкам акрэдытуе ў адпаведнасці з заканадаўствам аб СМІ.

Сам жа Закон “Аб сродках масавай інфармацыі” наўпрост указвае, што акрэдытацыя журналістаў СМІ адбываецца ў парадку, устаноўленым дзяржаўнымі органамі і іншымі юрыдычнымі асобамі, якія арганізуюць мерапрыемствы (артыкул 35).

У адказе намесніка старшыні Барысаўскага райвыканкама таксама ўтрымліваецца фраза-папярэджанне: “Асобы, якія не маюць дакументаў, што пацвярджаюць статус журналіста, не маюць права займацца журналісцкай дзейнасцю”. Каму гэтая фраза прызначаная і нормамі якога закона кіруецца, застаецца толькі здагадвацца.

Аляксандр Зянкоў не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Няўцямны адказ Л. Вароніча будзе ім абскарджаны ў Мінскі абласны выканкам.