НЕ - ВАЙНЕ!
2565

Барысаў: Судовыя цяжбы доўжацца

19.12.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

10 снежня 2015 г. адбылося паседжанне суда Барысаўскага раёна, на якім было разгледжана пытанне пра выпраўленне апіскі, дапушчанай у рашэнні суда Барысаўскага раёна ад 25 красавіка 2015 г. па пазове спн. Панцялей да газеты “Борисовские новости” і грамадзянкі Казлоўскай аб абароне дзелавой рэпутацыі і спагнанні грашовай кампенсацыі маральнай шкоды.

Спаслаўшыся на арт. 328 ГПК Рэспублікі Беларусь, суд вызначыў выправіць апіску ў частцы ўказання адказчыка па справе (трэба лічыць правільным найменне – ПВУП “Букас медиа-центр”).

У той жа дзень суд Барысаўскага раёна разгледзеў заяву спн. Панцялей аб індэксацыі сумы доўга, які ўтварыўся ў выніку невыканання рашэння суда ад 25 красавіка. Суд прыйшоў да высновы, што патрабаванні заяўніцы Панцялей Е. С. законныя і абгрунтаваныя і таму палічыў неабходным правесці індэксацыю сумы доўга.

Вызначэнне суда будзе абскарджана зацікаўленай юрыдычнай асобай – ПВУП “Букас медиа-центр”.

Нагадаем: 25 красавіка 2015 г. суд Барысаўскага раёна задаволіў пазоў участковай медсястры Панцялей Е.С. да газеты “Борисовские новости” і аўтаркі ліста ў рэдакцыю Казлоўскай Л. аб абароне дзелавой рэпутацыі і спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды.

Суддзя Інна Войтка вырашыла прызнаць не адпаведнымі рэчаіснасці і ганебнымі для дзелавой рэпутацыі пазоўніцы звесткі, распаўсюджаныя ў артыкуле пад загалоўкам “Кто виноват в смерти пациента 2-ой поликлиники?”, апублікаванай 24 снежня 2014 г. у выпуску “БН” № 52.

Суд вырашыў спагнаць замест заяўленых пазоўніцай першапачаткова 50 млн рублёў 4 млн рублёў салідарна: 3 млн рублёў – з рэдакцыі газеты “Борисовские новости”, 1 млн рублёў – са спн. Казлоўскай.

Адказчыкам належыць таксама кампенсаваць судовыя выдаткі пазоўніцы (7 млн 935 тыс. рублёў мае заплаціць рэдакцыя і 2 млн 645 тыс. – спн. Казлоўская).

Акрамя таго, рэдакцыю “БН” абавязалі апублікаваць рэзалютыўную частку рашэння суда ў газеце на тым жа месцы паласы і тым жа шрыфтам, што і спрэчны матэрыял, у месячны тэрмін з дня ўступлення рашэння суда ў законную сілу.

У артыкуле, які стаў падставай для зыску, быў апублікаваны ліст чытачкі “БН”, якая распавядала пра нядбайнае абыходжанне медработніцы з яе мужам пры аказанні яму дапамогі дома. Смерць мужа, якая наступіла пасля візіту медсястры, чытачка палічыла наступствам несумленнага выканання абавязкаў працаўніцай паліклінікі. У гэтым жа артыкуле была апублікаваная вытрымка з пісьмовага адказу галоўнага ўрача Барысаўскай цэнтральнай раённай лякарні на зварот пацярпелай (жонкі памерлага). Кіраўнік медыцынскай установы паведамляў, што службовая праверка не знайшла пацвярджэння выкладзеных жанчынай фактаў.

Нягледзячы на прысутнасць меркаванняў абодвух бакоў канфлікту, супрацоўніца паліклінікі палічыла факт публікацыі артыкула распаўсюдам ілжывых і ганебных для сябе звестак.

4 чэрвеня Мінскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу рэдакцыі газеты і аўтаркі ліста.

Суд палічыў, што “Борисовские новости” зганьбілі рэпутацыю ўчастковай медсястры

Касацыйную скаргу “Борисовских новостей” адхілілі

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!