438

Барыса Хамайду ўзнагародзілі медалём 100 год БНР

14.06.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Медаль сябру ГА “БАЖ”, вядомаму віцебскаму распаўсюдніку незалежнай прэсы ўручыў Сяргей Навумчык, журналіст “Радыё Свабода”, намеснік старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

vitebsk_0614_f2.jpg

Падчас цырымоніі ўганаравання ён зазначыў, што Барыс Хамайда — гэта чалавек, які прысвяціў сваё жыццё сцвярджэнню дэмакратычных ідэалаў і нацыянальных каштоўнасцяў. Медаль уручаны яму за рэдактарскую і выдавецкую дзейнасць як заснавальніку газеты “Выбар” — адной з першых віцебскіх незалежных газет, на выданне якой Барыс Хамайда выдаткаваў уласныя грошы і кіраваў рэдакцыяй, пакуль яе не зачынілі тагачасныя віцебскія ўлады. Але і пасля гэтага “Выбар” працягваў выходзіць.

— Барыс Хамайда стаў сапраўдным сімвалам Віцебска. Адданасць справе, якую ён столькі год робіць каля “сіняга дома”, вартая павагі і пашаны, — сказаў Сяргей Навумчык. — Медаль 100 год БНР — гэта падзяка і за працу распаўсюдніка незалежнай прэсы, і за грамадзянскую мужнасць, з якой спадар Хамайда ладзіў пікеты ў цэнтры Віцебска, не баючыся ні затрыманняў, ні судоў, ні штрафаў, ні “сутак”.

Атрымаўшы ўзнагароду, Барыс Хамайда выказаў удзячнасць ад імя ўсіх, хто яму дапамагаў і дапамагае:

— Адзін я нізашто не справіўся б з гэтым! На маім месцы мог бы зараз стаяць мой сябар Уладзімір Плешчанка, з якім мы пачыналі стаяць каля “сіняга дома”, але ён не дажыў да гэтага дня. Са мной была цэлая група людзей, бо трэба ж было нешта есці, нешта апранаць, знаходзіць сродкі на бел-чырвона-белыя сцягі, на плакаты, на паперу, на фарбу. І людзі дапамагалі. Яны заставаліся ў цяні, толькі я быў наперадзе, бо мне няма чаго губляць. Не ўсіх, хто мне дапамагаў, я ведаю па імёнах, не ўсіх памятаю ў твар, бо такіх людзей было безліч. Каб я мог, я падзяліў бы гэты медаль на маленькія кавалачкі і раздаў — бо гэта ўзнагарода ўсім вольным людзям Віцебска.

Месца каля “сіняга дома” (дома №28 па вуліцы Леніна, некалі пафарбаванага ў сіні колер) у Віцебску называюць “выспай свабоды”. Ужо 23 гады, як Барыс Хамайда прыходзіць туды практычна штодня, і пад бел-чырвона-белым парасонам распаўсюджвае незалежныя газеты, часопісы і кнігі.