1983

Барыса Хамайду прымусілі пакінуць традыцыйнае месца распаўсюду незалежных СМІ ў Віцебску

16.12.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

На ганку крамы “Веста” на вуліцы Леніна віцябляне цягам ужо не аднаго дзясятка гадоў звыкліся бачыць распаўсюдніка незалежных СМІ. Цяпер на гэтым месцы зрабілі пандус.

Зрэшты, у распаўсюдніка ёсць меркаванне, што прыстасаванне нібыта для стварэння безбар'ернага асяродку з'явілася тут нездарма. Адміністрацыя крамы час ад часу выказвала незадавальненне прысутнасцю Барыса Хамайды, які ставіў свой бел-чырвона-белы парасон недалёка ад уваходу. Ужо былі спробы "заняць" гэтае месца: то паставяць столік і лаўку, дзе тут жа збіраюцца мясцовыя выпівохі, то арганізуюць вулічны продаж піражкоў і булачак. Усе гэтыя захады не мелі поспеху: гандаль выпечкай не прыносіў вялікіх прыбыткаў, а аматараў алкаголю даводзілася разганяць з дапамогай міліцыі.

– Пандус – справа добрая. Нават неабходная для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але ў дадзеным выпадку карысці ад яго аніякай, бо паміж парэнчамі і ліхтарамі каля ўваходу ў краму ніводзін інвалідны вазок не праедзе. Дарэчы, у гэтай краме два паверхі. І спусціцца на ніжэйшы, дзе прадаюцца харчовыя прадукты, на інвалідным вазку таксама не атрымаецца: тут толькі лесвіца, а пандуса няма. А на верхнім прадаюцца толькі кандытарскія вырабы ды разнастайныя напоі, пераважна алкагольныя. Навошта было марнаваць сродкі на пандус, незразумела, – разважае Барыс Хамайда.

Месца каля “сіняга дома”, названага так паводле першапачатковай расфарбоўкі, даўно знаёмае пакупнікам незалежных выданняў. І Барыс Хамайда не стаў яго пакідаць. Ён перасунуўся бліжэй да ходнікаў, стаўшы ў куце паміж парэнчамі. Тут нашмат халадней, бо за спінай больш няма сцяны, якая ратавала ад скразнякоў. Але распаўсюднік, нягледзячы на сталы ўзрост і не дужа моцнае здароўе, здавацца не збіраецца. Спадар Хамайда кажа, што не можа пакінуць гэтае месца з прынцыпу – бо яно стала выспай вольнага слова ў Віцебску.