1454

Баранавіцкія ўлады замоўчваюць інфармацыю пра Усебеларускі народны сход

31.05.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Баранавіцкі гарвыканкам трымае ў сакрэце падрабязнасці ўдзелу ў «адной з найважнейшых форм народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь» – Усебеларускім народным сходзе. Большасць пытанняў незалежнай газеты «Intex-press», зададзеных у пісьмовым запыце, засталася без адказу.

5 мая рэдакцыя накіравала пытанні ў гарвыканкам. 30 мая прыйшоў адказ, падрыхтаваны кіраўніком аддзела арганізацыйна-кадравай работы Таццянай Чылік і кіраўніком аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святланай Паўловіч.

Большасць пытанняў «Intex-press» баранавіцкія ўлады праігнаравалі.

Сярод іх – наступныя:

– Як і калі вылучаліся кандыдатуры дэлегатаў на Нацыянальны сход?

– Як і калі ў Баранавічах праходзілі сходы па абранні ўпаўнаважаных?

– Як звычайны гараджанін можа стаць упаўнаважаным? Калі чалавек працуе ў невялікім калектыве ці з'яўляецца пенсіянерам, як ён можа стаць ўпаўнаважаным? Дзе чалавек, які хоча стаць упаўнаважаным, можа правесці неабходны для яго вылучэння сход?

– Ці будуць жыхарам Баранавічаў абвешчана пра магчымасці вылучэння кандыдатамі на пяты Усебеларускі народны сход і як гэта будзе зроблена?

– Ці з'явяцца ў СМІ аб'явы пра дату правядзення сходу ўпаўнаважаных?

– Ці будуць дэлегаты на пяты Усебеларускі народны сход абірацца на сходзе ўпаўнаважаных на альтэрнатыўнай аснове або на безальтэрнатыўнай?

«Неадказаныя пытанні красамоўней за адказы дэманструюць імітацыю гэтага «народаўладдзя», гэтай «вышэйшай формы дэмакратыі», – пракаментавалі сітуацыю службе маніторынгу ГА «БАЖ» у «Intex-press». – Пра народны сход у СМІ кажуць шмат, але ўсё гэта – агульныя словы. Па сутнасці даведацца што-кольвек пра вылучэнне ўпаўнаважаных і дэпутатаў немагчыма, а тым больш – рэальна патрапіць на сход. Інфармацыйнай блакадай ўлады пазбавілі актыўную частку грамадства магчымасці ўдзельнічаць у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы. Між тым, гэтае права гарантуецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь».

Баранавіцкі райвыканкам адмовіў незалежнай газеце «Intex-press» у акрэдытацыі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!