НЕ - ВАЙНЕ!
443

Баранавічскую газету Intex-press улады пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі

30.09.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Баранавічскую незалежную газету Intex-press пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі як сродку масавай інфармацыі.

Як стала вядома БАЖ, загад аб ануляванні пасведачання друкаванага СМІ падпісаў 30 чэрвеня 2022 года міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў.

У загадзе адзначаецца, што “выпуск друкаванага сродку масавай інфармацыі не ажыццяўляецца на працягу шасці месяцаў запар”, як таго патрабуе закон, а таму пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ, выдадзенае газеце Intex-press у 2009 годзе, анулюецца. Акрамя таго, выданне выключанае з Дзяржаўнага рэестра сродкаў масавай інфармацыі.

Газету Intex-press адмовілся друкаваць у Беларускім доме друку ў траўні 2021 года: тады выданне — упершыню за 26 гадоў — выйшла толькі ў электронным выглядзе.

Жорсткі прэсінг з боку ўладаў баранавіцкая незалежная газета адчула пасля публікацыі інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай, якое пазней прызналі “экстрэмісцкім матэрыялам”.

У выніку ад продажу выдання адмовіліся практычна ўсе буйныя гандлёвыя сеткі Баранавічаў, а ў дачыненні да галоўнага рэдактара Уладзіміра Янукевіча і Выдавецкага дома “Інтэкс-прэс” з прычыны гэтай публікацыі былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы, на падставе якіх былі накладзеныя вялікія штрафы. Пазней распаўсюджваць газету праз падпіску адмовілася РУП “Белпошта”, а Брэсцкі філіял ГРУП “Белсаюздрук” у аднабаковым парадку скасаваў дамову аб продажы выдання праз сетку газетных шапікаў і крам прадпрыемства.

Як распавёў службе маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімір Янукевіч, пасля адмовы Беларускага дома друку рэдакцыя шукала магчымасці друкаваць газету ў іншых паліграфічных прадпрыемствах па ўсёй краіне.

“Паўсюль атрымалі адмовы. Нават у адной з друкарняў у Расіі нас назвалі “недабранадзейнымі”. А многія іншыя друкарні адмаўляліся без тлумачэнняў — праз пэўны час. Магчыма, вывучалі наша дасье праз інтэрнэт, альбо проста тэлефанавалі ў друкарню, з якой мы супрацоўнічалі раней”, — кажа Уладзімір Янукевіч.

Варта таксама нагадаць, што напрыканцы 2021 года Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да сайта intex-press.by. У адпаведным загадзе за подпісам міністра Уладзіміра Пярцова падставай для блакіроўкі інтэрнэт-рэсурса называюцца “парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў частцы размяшчэння інфармацыі, распаўсюд якой забаронены”.

Чытайце яшчэ:

"Какая этика, когда репрессии, война и угроза ядерного удара". Или все же актуально?

«Здзівіцеся, як шмат беларускага побач з вамі». Расказваем пра сэрвіс ByMapka, заснаваны Алінай Коўшык

Пачаўся набор у школу відэаблогера (дэдлайн — 15 кастрычніка)

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!