3823

ГА «БАЖ» адзначыла юбілей (ФОТА)

16.09.2015 Крыніца: рэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", фота Вадзіма Заміроўскага

16 верасня Рада ГА «БАЖ» – галоўны кіраўнічы орган асацыяцыі – упершыню сабралася ў новым складзе, абраным на IX з'ездзе

Сябры Рады ўшанавалі хвілінай маўчання памяць галоўнага рэдактара газеты «Новы час» Аляксея Караля, які пайшоў з жыцця 12 верасня.

Старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец распавёў пра дзейнасць арганізацыі пасля красавіцкага з'езда, у тым ліку пра захады па барацьбе за правы журналістаў-фрылансераў.

Намесніца старшыні Аліна Суравец паведаміла, што ў БАЖ паменела на адну філію – з-за праблем з юрыдычным адрасам была скасаваная рэгістрацыя структуры ў Наваполацку. Такім чынам, у рэгіёнах сёння налічваецца 16 суполак арганізацыі і 4 зарэгістраваныя філіі.

Нягледзячы на юбілей, Радзе давялося вырашаць дастаткова будзённыя пытанні. Сярод іх – памер сяброўскіх унёскаў, які сёння складае 1 базавую велічыню за год (каля 9 еўра). Рада прагаласавала за тое, каб у 2015 годзе пакінуць гадавы ўнёсак памерам у 1 базавую, а з 2016 годзе павялічыць яго да 2 базавых. Інвалідам і непрацуючым пенсіянерам – сябрам ГА “БАЖ” – з 2016 года можна будзе па-ранейшаму плаціць 1 базавую велічыню (50% ад гадавога ўнёску).

Увечары ў Мінску адбылася святочная імпрэза з нагоды юбілею з удзелам сябраў Рады, заснавальнікаў ГА “БАЖ”, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу Нямеччыны, Польшчы і ЗША.

Рэгіянальныя філіі і суполкі падрыхтавалі адмысловыя прэзентацыі – фота, відэа, інсталяцыі і нават перформансы, праз якія – хто ў сур’ёзнай, хто ў жартаўлівай форме – апісвалі адметнасці сітуацыі са СМІ ў сваім рэгіёне.

Цэнтральны офіс падрыхтаваў слайд-шоў з падборкай найбольш яскравых старонак жыцця журналісцкай супольнасці краіны на мінулыя 20 гадоў. Сведкі і ўдзельнікі тых падзеяў выходзілі да мікрафона, каб прыгадаць пэўныя моманты, з гледзішча сённяшняга дня ацаніць іх уплыў і наступствы, а таксама зрабіць прагнозы на будучыню.

 

БОЛЬШ ФОТА