484

Бабруйскія ідэолагі патрабуюць, каб мясцовы партал выдаліў матэрыялы на тэму выбараў

20.07.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

“Бобруйский курьер” атрымаў з гарвыканкама пісьмовае патрабаванне прыбраць з сайта пяць відэаролікаў пра сёлетнюю выбарчую кампанію. У адваротным выпадку у дачыненні партала пагражаюць распачнуць адміністрацыйную справу.

Дакумент падпісаны начальніцай аддзела ідэалагічнай работы і пра справах моладзі Таццянай Гарбачовай.

У матэрыялах, выдалення якіх патрабуе Бабруйскі гарвыканкам, утрымліваюцца экспрэс-інтэрв’ю з гараджанамі па пытаннях, датычных выбараў і кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Гэтыя матэрыялы аддзел ідэалагічнай працы, відавочна, адносіць да даследаванняў грамадскай думкі, бо абгрунтоўвае загад зняць з сайта сюжэты наступным:

“Правядзенне даследаванняў і апублікаванне вынікаў апытанняў грамадскага меркавання, датычных грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, чальцоў Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, магчыма толькі пры атрыманні акрэдытацыі ў Камісіі па апытаннях грамадскага меркавання пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.

А за правядзенне такіх апытанняў без гэтай акрэдытацыі заканадаўствам прадугледжаная адказнасць паводле арт. 9.28 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконнае правядзенне апытанняў грамадскай думкі).

Выканкам патрабуе, каб “Бобруйский курьер” прыбраў наступныя матэрыялы:

-         “Праўленне Аляксандра Рыгоравіча час скончыць”. Бабруйчане пра прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты”.

-         “Што думаюць бабруйчане пра тое, як Лукашэнка паводзіць сябе з супернікамі на выбарах?”

-         “Ісці да канца ці зняцца? Што раюць бабруйчане кандыдатам у прэзідэнты?”

-         “Ці давяраюць бабруйчане ЦВК і Ярмошынай?”

-         “Ці вераць бабруйчане, што іхнія галасы нешта зменяць 9 жніўня?”

“У выпадку, калі матэрыялы не будуць выдаленыя з інтэрнэт-рэсурса babruysk.by, будзем вымушаныя ініцыяваць у дачыненні да Вас пачатак адміністрацыйнага працэсу”, — рэзюмуе ідэолаг напрыканцы свайго ліста.

Галоўны рэдактар “Бобруйского курьера” Анатоль Санаценка не збіраецца нічога выдаляць з сайта па загадзе ідэалагічнага аддзела і ўжо падрыхтаваў у сувязі з гэтым зварот у пракуратуру.

Спадар Санаценка звяртае ўвагу, што інтэрнэт-газета “Бобруйский курьер” не з’яўляецца ўстановай, якая праводзіць сацыялагічныя апытанні. Карэспандэнты, якія рыхтуюць экспрэс-апытанні ці міні-інтэрв’ю гараджан і апытваюць ад пяці да дзевяці чалавек, — не з’яўляюцца сацыёлагамі і выконваюць сцісла журналісцкія функцыі.

Паводле  Анатоля Санаценкі, начальніца аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Таццяна Гарбачова сваім лістом у бок “БК” парушыла Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

“Бобруйский курьер” і яго аўтары ў сваёй дзейнасці грунтуюцца на артыкуле 34 Канстытуцыі, якая гарантуе грамадзянам Беларусі права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, пра палітычнае, эканамічнае, культурнае і міжнароднае жыццё, стан навакольнага асяроддзя, — кажа галоўны рэдактар “БК”. — А артыкул 33 гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць змушаны да выказвання сваіх пераканняў ці адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі ці асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца”.

Лісты з выканкама з папярэджаннем аб адказнасці за публікацыю апытанняў грамадскага меркавання пра палітычную сітуацыю і выбары атрымалі таксама выдаўцы іншых медыяў Бабруйска, але зняць матэрыялы з сайта, наколькі нам вядома, загадалі толькі “Бобруйскому курьеру”.

Артыкул 9.28 быў дададзены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь у 2012 годзе ў наступнай фармулёўцы: “Забаронена правядзенне даследаванняў і апублікаванне вынікаў апытанняў грамадскага меркавання, датычных грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, чальцоў Савету Рэспублікі без атрымання адпаведнай акрэдытацыі”.

Пакаранне прадуглеждвае штраф да 20 базавых велічынь, а для юрыдычнай асобы — да ста базавых велічынь ці 2700 беларускіх рублёў пры першым эпізодзе правапарушэння, і ад 10 да 50, а для юрыдычнай асобы — ад 20 да 200 базавых велічынь, ці ад 540 да 5400 беларускіх рублёў — пры паўторных выпадках.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!