1186

Бабруйскія чыноўнікі лічаць «немэтазгодным» ушанаванне памяці пісьменніка Алеся Адамовіча

27.07.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Бабруйскі журналіст, аўтар мясцовай «Ініцыятывы добрых спраў» Андрэй Шобін  звярнуўся ў Бабруйскі гарвыканкам з прапановай пасадзіць у горадзе алею імя пісьменніка Алеся Адамовіча, якога многае звязвае з Бабруйшчынай.

У чэрвені Андрэй Шобін атрымаў адказ ад намесніка старшыні гарвыканкама Аляксандра Маркачова. У ім паведамлялася, што гэтая ініцыятыва Бабруйскім гарвыканкамам успрынятая станоўча, аддзелам і службам даручана «прапрацаваць гэтае пытанне», каб потым прыняць канчатковае рашэнне, на бліжэйшым разглядзе тапанімічнай камісіі.

І вось – камісія сабралася і пастанавіла: увекавечанне памяці Алеся Адамовіча ў Бабруйску лічыць немэтазгодным.

Праўда, там жа паведамляецца, што «камісія вырашыла ўлічыць ваша меркаванне ў далейшым пры фарміраванні горадабудаўнічага рэгламенту г. Бабруйск».

Але незразумела, як гэта стасуецца з ужо агучанай «немэтазгоднасцю». Трэба адзначыць, што гэты адказ гарвыканкама вельмі дысануе са статусам Бабруйска як культурнай сталіцы Беларусі 2017 г.

Андрэй Шобін цяпер прадумвае свае далейшыя крокі. Паводле яго слоў, магчыма, ён будзе звяртацца з гэтай прапановай у вышэйшыя інстанцыі.

«Больш за 20 гадоў грамадскай сферай, ідэалогіяй у Бабруйску кіруюць палітрукі і ідэолагі яшчэ «савецкага прызыву». Іх паняцці і ўяўленні аб працы з грамадзянскімі ініцыятывамі, грамадзянскай супольнасцю шмат у чым адпавядаюць таму часу. Таму ў горадзе не падтрымліваюцца незалежныя ініцыятывы», – каментуе гэтую адмову чыноўнікаў галоўны рэдактар «Бобруйского курьера», пісьменнік, праваабаронца Анатоль Санаценка.

Пісьменнік і грамадскі дзеяч Алесь Адамовіч з ранняга дзяцінства жыў у пасёлку Глуша (што пад Бабруйскам), лічыў гэта месца малой Радзімай. У Глушы ён быў і пахаваны – пасля смерці ў студзені 1994 года.

 

Рэдакцыйная палітыка сайта